Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

незако́нчанасць, ‑і, ж.

Стан незакончанага; незавершанасць.

незако́нчаны, ‑ая, ‑ае.

Які не даведзены да канца; незавершаны. Незакончанае пісьмо. Незакончаная адукацыя. □ Высокі вежавы кран павольна рухаўся па рэйках, падаючы цэглу і раствор на рыштаванні незакончанага будынка. Хадкевіч.

•••

Незакончанае трыванне гл. трыванне.

незале́жна,

1. Прысл. да незалежны (у 1 знач.). У гутарцы з малазнаёмымі людзьмі .. [рэдактар] трымаўся незалежна, любіў ужыць такое слова або сказ, каб паказаць сябе чалавекам самабытным, непадобным да іншых і ў той жа час жартаўлівым і аптымістычным. Колас.

2. у знач. прыназ. (у спалучэнні з «ад»). Нягледзячы на што‑н., не прымаючы пад увагу чаго‑н.; насуперак чаму‑н. Іван любіў бачыць вакол сябе людзей, незалежна ад таго, былі гэтыя людзі яго знаёмыя ці сустракаў іх першы раз у жыцці. Шахавец. [Ярохін:] — Усё добра, што добра канчаецца, незалежна ад таго, як яно пачыналася. Шамякін.

незале́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць незалежнага. Незалежнасць думак. Незалежнасць характару. Нацыянальная незалежнасць.

незале́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не залежыць ад каго‑, чаго‑н.; самастойны, свабодны. Пры ажыццяўленні правасуддзя па грамадзянскіх справах суддзі і народныя засядацелі незалежныя і падпарадкоўваюцца толькі закону. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР. // Які выражае самастойнасць. [Віктар] з незалежным выглядам узяў з Леніных рук кнігу і пайшоў за столік. Ваданосаў. Малады чалавек ішоў павольна, незалежнай хадой гаспадара, высока несучы.. галаву. «Звязда».

2. Самастойны ў міжнародных адносінах; суверэнны. Адсталыя ў мінулым народы вызваляюцца з-пад каланіяльнай залежнасці, на месцы былых калоній і паўкалоній утвараюцца новыя незалежныя дзяржавы. Філімонаў.

•••

Незалежны стан гл. стан ​5.

незалюбі́ць, ‑люблю, ‑любіш, ‑любіць; зак., каго-чаго і без дап.

Выказаць незадаволенасць. [Віктар:] — Я з табой тады падніму чарку, калі ты загадаеш шафёру адагнаць машыну ў гараж,.. — і клункі распакуеш і кніжкі складзеш у шафу. — Можа, скажаш і заяву падаць? — незалюбіў Павел. Гроднеў.

незамаскірава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае маскіроўкі. Незамаскіраванае акно. // перан. Яўны, адкрыты. Незамаскіраваны падман.

незаме́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць незаменнага.

незаме́нны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога цяжка або нельга замяніць; выключна патрэбны. Незаменны чалавек. Незаменны корм. □ У атрадзе сябры зрабіліся незаменнымі разведчыкамі. Шамякін.

незамо́жнасць, ‑і, ж.

Стан незаможнага.