Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

невыка́зны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што цяжка або немагчыма выказаць, перадаць словамі. Усюды зялёная, сонечная вясна, усюды — хараство, прыгажосць невыказная. Сачанка. Другі раз у гэтым верасні я адчуў невыказную радасць. Дамашэвіч.

невыкана́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць невыканальнага. Невыканальнасць задачы.

невыкана́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што не можа быць выкананы. Невыканальнае заданне. Невыканальныя патрабаванні.

невыкана́нне, ‑я, н.

1. Нездзяйсненне таго, што было даручана, намечана, меркавалася зрабіць. Думка аб невыкананні заводаў задання па рамонту вагонаў зноў запаланіла дырэктара, і ён .. забегаў па кабінеце. Пятніцкі.

2. Ухіленне ад выканання правіл, законаў. Невыкананне правіл тэхнікі бяспекі. □ Невыкананне загаду праўлення — ёсць простае парушэнне ўнутрыарцельнай дысцыпліны. «Беларусь».

невыкараня́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць невыкараняльнага.

невыкараня́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не паддаецца выкараненню. Невыкараняльныя недахопы.

невыла́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, па якому цяжка прайсці, з якога цяжка выбрацца; непраходны. Невылазная гразь.

2. перан. Такі, ад якога цяжка, немагчыма вызваліцца. Невылазныя даўгі.

невыле́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць невылечнага. Невылечнасць хваробы.

невыле́чны, ‑ая, ‑ае.

Які нельга вылечыць. [Бацька], як і сын, разумеў, што хвароба невылечная, што толькі цуд спыніць яе страшную плынь... Мікуліч. / у перан. ужыв. [Марына:] — А цябе ўсё яшчэ цягне да хлопцаў, халасцяк ты невылечны. Шахавец.

невыме́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць невымернага.