Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ко́лішні і калі́шні, ‑яя, ‑яе.

Які мае адносіны да мінулага, меў месца ў мінулым. Колішняе знаёмства. □ Над краем колішняй бядоты і галечы Жыццё, як сонца, не спыняе рух. Звонак. Цяпер не час той даўні і калішні, Не навіна машына ля двара. Астрэйка.

ко́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. калоць ​2. Колка дроў. Колка цукру.

ко́лка 2,

1. Прысл. да колкі ​1.

2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне ўколу, рэзі. Колка ісці босымі нагамі па ржэўніку. □ Сорам не елка — вачам не колка. Прыказка.

ко́лкасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць колкага ​1 (у 2 знач.). Колкасць заўвагі.

2. З’едлівая насмешка, колкая заўвага. Гаварыць колкасці.

ко́лкі 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які пры дотыку наносіць укол; калючы. Шарпае пад лёгкімі лапцікамі колкае і яшчэ поўнае соку іржышча. Гарэцкі. // перан. Які выклікае адчуванне, падобнае на адчуванне ўколу (пра вецер, снег, мароз, дождж і пад.). Часам падзьме вецер, і сухі колкі снег, як шрот, непрыемна б’е ў твар. Лупсякоў. Ударыў колкі і густы, Нібы іголкі, дождж. Броўка.

2. перан. З’едлівы, злосны. Раптам успомніліся.. колкія і пякучыя словы, якімі [цётка] не раз надзяляла Васіля. Кулакоўскі.

ко́лкі 2, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка колецца. Колкія дровы. Колкі цукар.

ко́лле, ‑я, н., зб.

Калы. — Пачнецца рэвалюцыя, і ўсё зменіцца раптоўна і стыхійна. І той, хто становіцца цяпер на калені перад царскім поездам, пойдзе з коллем на самога цара. Колас.

ко́лца, ‑а, н.

Памянш. да кола (у 1, 2 і 3 знач.). Колцы ножак пранізліва візгатнулі. Савіцкі. У скрынцы пад прылаўкам [хлопцы] знайшлі колцы сухой каўбасы, закусілі. Новікаў. Уверх віліся колцы з самасаду, З трафейных цыгарэт плылі дымкі. Смагаровіч.

ко́лька, ‑і, ДМ ‑льцы, ж.

Разм. Тое, што і колікі. [Леснічыха:] Я зелляў шмат маю і ўсім памагаю ад кашлю і колькі, ад усялякай колькі... Козел.

ко́лькасны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да колькасці, абазначае колькасць. Колькасныя змены. Колькасны састаў. Колькасныя лічэбнікі.

ко́лькасць, ‑і, ж.

1. Лік, велічыня, аб’ём, маса. Вялікая колькасць. Колькасць кніг. Павелічэнне колькасці ападкаў.

2. Філасофская катэгорыя, якая памагае пазнанню адлюстроўваць прадметы і з’явы навакольнага свету з боку аб’ёму, ліку, ступені развіцця, тэмпаў змянення і інш. (выкарыстоўваецца ва ўзаемадзеянні з катэгорыяй якасці). Пераход колькасці ў якасць.

ко́лькі, Р мн. колькіх, займ. і ко́лькі, прысл.

1. займ. і прысл. пытальнае. Абазначае пытанне пра колькасць чаго‑н.: якая колькасць? як многа? Колькі табе гадоў? Колькі старонак у кніжцы?

2. займ. і прысл. азначальнае. У клічных сказах абазначае вялікую колькасць чаго‑н.: якая колькасць! як многа! Колькі зор на небе! Колас. Вось і вуліца Янкі Купалы. Колькі ў гэтых словах роднага і блізкага для кожнага жыхара Мінска! Хведаровіч.

3. прысл. меры і ступені. Наколькі; у якой меры. Колькі таго дня было, а ўжо неўзабаве і вечар: падыходзіць тая невясёлая, але па-свойму адметная пара самых малых, зімовых дзён. Кулакоўскі.

4. займ. і прысл. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) у даданых дапаўняльных сказах. [Саша] не адчувала, колькі прайшло часу, здавалася, што вельмі многа. Шамякін. Па рагах можна даведацца, колькі аленю год. В. Вольскі; б) у даданых азначальных сказах і сказах меры і ступені. [Гудовіч:] Паветра ў гарах чыстае, сумленне ў цябе чыстае — адпачывай, колькі душа жадае. Крапіва. І, колькі ёсць сілы, да самай магілы Ары, барануй, засявай!.. Купала.

5. у знач. ліч. Разм. Некалькі, няпэўная колькасць. Дзед Талаш колькі хвілін глядзіць на Мартына, маўчыць. Колас. Праз колькі хвілін можна было разабраць, што ішлі мужчыны. Быкаў.

•••

Колькі ёсць духу (сілы) гл. дух.

Колькі ні (уступальны злучнік) — як ні.

Не столькі..., колькі... гл. столькі.

Столькі..., колькі і... гл. столькі.