ко́лкі 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які пры дотыку наносіць укол; калючы. Шарпае пад лёгкімі лапцікамі колкае і яшчэ поўнае соку іржышча. Гарэцкі. // перан. Які выклікае адчуванне, падобнае на адчуванне ўколу (пра вецер, снег, мароз, дождж і пад.). Часам падзьме вецер, і сухі колкі снег, як шрот, непрыемна б’е ў твар. Лупсякоў. Ударыў колкі і густы, Нібы іголкі, дождж. Броўка.

2. перан. З’едлівы, злосны. Раптам успомніліся.. колкія і пякучыя словы, якімі [цётка] не раз надзяляла Васіля. Кулакоўскі.

ко́лкі 2, ‑ая, ‑ае.

Які лёгка колецца. Колкія дровы. Колкі цукар.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)