ко́лькі, Р мн. колькіх, займ. і ко́лькі, прысл.
1. займ. і прысл. пытальнае. Абазначае пытанне пра колькасць чаго‑н.: якая колькасць? як многа? Колькі табе гадоў? Колькі старонак у кніжцы?
2. займ. і прысл. азначальнае. У клічных сказах абазначае вялікую колькасць чаго‑н.: якая колькасць! як многа! Колькі зор на небе! Колас. Вось і вуліца Янкі Купалы. Колькі ў гэтых словах роднага і блізкага для кожнага жыхара Мінска! Хведаровіч.
3. прысл. меры і ступені. Наколькі; у якой меры. Колькі таго дня было, а ўжо неўзабаве і вечар: падыходзіць тая невясёлая, але па-свойму адметная пара самых малых, зімовых дзён. Кулакоўскі.
4. займ. і прысл. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) у даданых дапаўняльных сказах. [Саша] не адчувала, колькі прайшло часу, здавалася, што вельмі многа. Шамякін. Па рагах можна даведацца, колькі аленю год. В. Вольскі; б) у даданых азначальных сказах і сказах меры і ступені. [Гудовіч:] Паветра ў гарах чыстае, сумленне ў цябе чыстае — адпачывай, колькі душа жадае. Крапіва. І, колькі ёсць сілы, да самай магілы Ары, барануй, засявай!.. Купала.
5. у знач. ліч. Разм. Некалькі, няпэўная колькасць. Дзед Талаш колькі хвілін глядзіць на Мартына, маўчыць. Колас. Праз колькі хвілін можна было разабраць, што ішлі мужчыны. Быкаў.
•••
Колькі ёсць духу (сілы) гл. дух.
Колькі ні (уступальны злучнік) — як ні.
Не столькі..., колькі... гл. столькі.
Столькі..., колькі і... гл. столькі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)