збале́лы, ‑ая, ‑ае.
Змучаны болем, пакутамі. Памалу ў збалелае цела вярталася ранейшая сіла. С. Александровіч. І толькі яму [Леаніду] аднаму Васіль мог бы смела паглядзець у вочы, выказаць усё, што агнём пякло яго збалелае сэрца. Краўчанка.
збале́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.
Разм. Тое, што і збалець. Ці то збалелася Вольчына душа, стачылі яе адзінота і сум, а можа пераканаў гарачы шэпт Арыны, але без доўгіх угавораў нарадзілася яна перабрацца да свякрухі. Б. Стральцоў. — Я ўся збалелася па табе. Дзяцінка мая! Мележ.
збале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Змучыцца, спакутавацца (звычайна пра душу, сэрца). Сэрца маці збалела ў трывозе. Новікаў. За вайну, напэўна, дружа мой, Перажыў і ты, збалеў душой. Бялевіч.
збалтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
Спец. Злучыць, змацаваць пры дапамозе балтоў. Збалтаваць стыкі рэек.
збалто́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да збалтоўваць.
збалто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да збалтаваць.
збан, ‑а, м.
Высокая гліняная пасудзіна, якая звужаецца ўверсе і мае звычайна ручку і носік. Ад сцюдзёнай вады збан пакрыўся халодным потам. Бяганская. Да пары збан ваду носіць: вушка адарвецца і збан разаб’ецца. Прыказка. // Колькасць чаго‑н., што змяшчаецца ў такой пасудзіне. Збан малака.
збанкрутава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
Разм. Тое, што і абанкруціцца. Збанкрутаваў урад Часовы. Колас.
збано́к, ‑нка, м.
Невялікі збан; тое, што і збан. Волечка даставала з паліцы збанок і накрывала яго цадзілкай. Чорны.