Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гадзі́намі, прысл.

Доўгі час, на працягу некалькіх гадзін запар. Гадзінамі праседжваць над кнігай.

гадзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Памянш.-ласк. да гадзіна (у 1 знач.); тое, што і гадзіна (у 1, 4 знач.). — Ты ляж і гадзінку паспі, а мы паходзім, падумаем, — ласкава сказаў Лясніцкі. Шамякін.

гадзі́ннік, ‑а, м.

Прылада, пры дапамозе якой вызначаецца час у межах сутак. Насценны гадзіннік. Выраб гадзіннікаў.

•••

Вадзяны гадзіннік — гадзіннік у выглядзе мернага сасуда, з якога за нейкі час выцякае пэўны аб’ём вады.

Пясочны гадзіннік — гадзіннік у выглядзе дзвюх мерных шклянак, злучаных тонкай гарлавінай, праз якую перасыпаецца пясок на працягу пэўнага часу (скарыстоўваецца ў медыцыне пры вызначэнні невялікіх адзінак часу).

Сонечны гадзіннік — гадзіннік, які складаецца з цыферблата і вертыкальнага стрыжня, што кідае на цыферблат цень, паказваючы час.

гадзі́ннікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гадзінніка. Гадзіннікавы механізм. Гадзіннікавая стрэлка. // Звязаны з вытворчасцю і продажам гадзіннікаў. Гадзіннікавы завод.

гадзі́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які працягваецца гадзіну (у 1 знач.). Гадзінная лекцыя. // Атрыманы за гадзіну, разлічаны на кожную гадзіну. Гадзінная прадукцыя. Гадзінная норма.

2. Разм. Назначаны на гадзіну дня або гадзіну ночы. Адправіцца гадзінным рэйсам.

•••

Гадзінны пояс гл. пояс.

гадзі́ншчык, ‑а, м.

Майстар, які займаецца вырабам і рамонтам гадзіннікаў.

га́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

Разм.

1. Адчуваць агіду да каго‑, чаго‑н.; брыдзіцца. Тараска гадзіўся жаб. Юрэвіч.

2. Псавацца ад забруджвання. Адзенне гадзіцца.

гадзі́цца 1, ‑джу́ся, ‑дзі́шся, ‑дзі́цца; незак.

Разм. Быць прыгодным, падыходзячым для чаго‑н., адпавядаць якім‑н. патрабаванням. — Я вывучаў дакументы і думаў: вось гэта для маёй дысертацыі падыходзіць. І гэта гадзіцца. Арабей. // безас. (звычайна з адмоўем). Варта, трэба, к месцу. Сцёпка перамог сябе; не, спаць не гадзіцца! Колас.

•••

Гадзіцца ў бацькі (у маці, сыны і пад.) каму — адпавядаць па ўзросту чыйму‑н. бацьку (маці, сыну і пад.).

Куды гэта гадзіцца; нікуды не гадзіцца — вельмі дрэнна, дрэнны.

гадзі́цца 2, гаджу́ся, го́дзішся, го́дзіцца; незак.

Разм. Канчаць спрэчку; згаджацца, пагаджацца. Рэдкія выпадкі лаянкі толькі на кароткі час раскідалі іх дружбу, і хлопцы скора зноў гадзіліся. Колас. Слугі князя з дарам князевым прыйшлі, З Вялем-волатам, з дружынаю гадзіцца. Танк.

га́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

Разм.

1. што і без дап. Забруджваць спаражненнямі. Галубы гадзяць падаконнік.

2. што. Псаваць, брудзіць. Нельга гадзіць мэблю.

3. Шкодзіць, рабіць подласці.

4. Нудзіць, выклікаць пачуццё агіды. Усё нячыстае мяне гадзіць. / у безас. ужыв. Яго гадзіла.

гадзі́ць, гаджу́, го́дзіш, го́дзіць; заг. гадзі́; незак.

1. Старацца задаволіць каго‑н., робячы прыемнае, патрэбнае; дагаджаць. Госцю гадзі, ды і сябе глядзі. Прыказка.

2. Садзейнічаць, спрыяць каму‑, чаму‑н. Ішлі дажджы. І гэта вельмі гадзіла на поле. Чорны.

3. каго. Абл. Наймаць на працу на пэўны час. Стэпа засаб пяць год гадзіла яго пастухом у сваім мястэчку. Гартны.

•••

Гадзіць як благой (ліхой) скуле — вельмі дагаджаць каму‑н.

гадзю́ка, ‑і, ДМ ‑дзюцы; Р мн. ‑дзюк; ж.

1. Ядавітая змяя шэрага колеру з чорнай зігзагападобнай паласой уздоўж спіны. А гэтым часам пры сасонцы Гадзюка грэецца на сонцы, — Блішчыць на ёй узор лускі. Крапіва. Вялікая светла-шэрая гадзюка з выразным чорным узорам на спіне гналася па сцежцы за травяной жабай. В. Вольскі.

2. Разм. лаянк. Пра небяспечнага шкоднага чалавека. Людзі маўчалі: такі час, можа знайсціся гадзюка якая, і тады памінай, як чалавека звалі. Шчарбатаў.

•••

Гадзюка падкалодная — тое, што і змяя падкалодная (гл. змяя).

Прыгрэць гадзюку на (сваіх) грудзях гл. прыгрэць.

гадзю́чы, ‑ая, ‑ае.

Які належыць гадзюцы, уласцівы ёй. Гадзючая скура. Гадзючы нораў.