Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пе́чань, ‑і, ж.

Унутраны орган чалавека і жывёл, які вырабляе жоўць.

печая́, ‑і, ж.

Тое, што і пякотка.

пе́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Тое, што і печ (у 1 знач.). Маладзіца выняла з печкі чыгунок і паставіла на стол. Мележ.

2. Невялікая або часовая печ, якая ў асноўным служыць для абагравання памяшкання. Каля дзвярэй стаяла чыгунная печка. Такія печкі былі ва ўсім лагеры. Шамякін. У гэтай цеснай каморцы змяшчаліся толькі два ложкі для спання і невялічкая печка-ляжанка. Бядуля. Была зроблена ў зямлі такая печка, дзе на малым агні можна было грэць ваду, сёе-тое варыць, пячы. Кулакоўскі.

печкуры́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да печкура (у 1 знач.), належыць яму. Печкурыная галава.

пе́чыва, ‑а, н.

1. зб. Печаныя вырабы з мукі. Выняць печыва з печы. □ Служыцелі з падносамі.. частуюць гледачоў чаем з мятай і розным салодкім печывам з міндалем, мятай і фінікамі. В. Вольскі.

2. Абл. Адзін замес, адна выпечка хлеба. Гаспадыня дастала з печы чыгун цёплай вады, паставіла на ўслон дзве дзяжы, і ўчыніла з тае мукі.. два печывы хлеба. Сабаленка.

пе́чышча, ‑а, н.

Астаткі ад печы (звычайна пасля пажару). Нібы языком, злізаў пажар стары драўляны школьны будынак, пакінуўшы ад яго толькі раскіданыя печышчы. Васілевіч. Казалі, у лагчыне калісьці красавалася вёска, — цяпер на тым месцы не было нават задымленых печышчаў. Мележ. Да вайны тут стаяла вартоўня лесніка. Ад яе засталося толькі печышча. Сачанка.

пе́ша, прысл.

Пяшком, пехатой. — Ну, таварышы, злазьце, — сказаў шафёр пасажырам. — Далей пеша, а мне трэба вяртацца. Новікаў. Ні конна, ні пеша ніхто не пралезе. Згубілася сцежка у Вокаўскім лесе. Вялюгін.

пешахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Чалавек, які ідзе пяшком; пешы чалавек. Па тратуарах... праходзілі рэдкія пешаходы. Гурскі. Дар’я Сяргееўна пільна.. перабірае вачамі ўсіх пешаходаў, што ідуць туды і насустрач. Ракітны.

пешахо́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пешахода. Пешаходны паток. // Па якім можна хадзіць толькі пяшком. Пешаходны мосцік. □ З вёскі цераз узгорак, праз поле і хмызняк, вілася пешаходная сцежка. Чорны. // Які ажыццяўляецца пяшком. Пешаходная прагулка.

пе́шачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пешкі (у 1 знач.). Пешачная атака. Пешачны дэбют.