Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рассе́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да рассеяць.

рассе́йнік, ‑а, м.

Машына для прасейвання, сартавання зерня, круп, мукі.

рассе́кчы,

гл. рассячы.

рассе́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рассяліць.

рассе́ліна, ‑ы, ж.

Глыбокая трэшчына або вузкая цясніна. [Іван] думаў, што лепей было б вылезці з гэтай змрочнай расселіны. Быкаў. [Дарога] цяпер то крута віляла, то раптам кідалася ўніз, у расселіну паміж сопак. Савіцкі.

рассе́сціся, ‑сядуся, ‑сядзешся, ‑сядзецца; пр. рассеўся, ‑селася; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Сесці, размясціцца дзе‑н. — пра ўсіх, многіх. Усе мае таварышы даўно ўжо расселіся ў вагоне, уладзіўшы транспартныя справы, а майго чамадана ўсё не было. Лынькоў. На тратуары расселася чародка галубоў, якія нешта дзяўблі на асфальце. Гроднеў.

2. Разм. Сесці свабодна, заняўшы шмат месца. — Пасуньцеся, вельмі шырока расселіся, — пачуў .. [чалавек], як праз сон, нечы голас. Прокша. Глушэц чым далей, то ўсё болей Дзесь на суку за тоўстай хвояй Рассеўся важна і балбоча. Колас. // Пасяліцца. Там, дзе на разлегласці раней яшчэ быў рассеўся Мазавецкі з сваім новым хутарам, цяпер быў проста-такі цэлы фальварак. Чорны. // перан. Шырока разрасціся. Высока, разл[о]жыста Расселася пры хаце Стара-старая ліпа, Паважная, як свацця. Купала.

3. Сеўшы, затрымацца доўгі час; сесці дзе‑н. надоўга. Прайшло некалькі хвілін у здранцвення «Чаго ж гэта я расселася? Трэба нейкую раду даваць», — спахапілася нарэшце Ірына Віктараўна. Пальчэўскі. — Ну і што там з гэтай кнігай рассеўся? Дроў сушэйшых пайдзі прынясі!.. Брыль.

4. Даць трэшчыны, раскалоцца. [Алегу] ўявілася вялікая крыга, якая плыла па шырокай рацэ, потым натужліва цярнулася аб [нешта] неадольнае, мацнейшае за яе, крыгу, і расселася папалам. Ермаловіч.

рассе́ў, ‑севу, м.

Дзеянне паводле дзеясл. рассяваць — рассеяць (у 1 знач.). // Спосаб, якасць пасеву. Суцэльны рассеў. Добры рассеў.

рассе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад рассячы, рассекчы.

2. у знач. прым. З ранай, нанесенай чым‑н. вострым; з рубцом ад такой раны. Ад усяго перажытага за гэты дзень у мяне ўсё яшчэ кружыцца, пабольвае галава. Шчыміць, торгае рассечанае брыво. Місько. У Саўкаву леснічоўку траплялі і тыя, каго цар збіраўся загнаць.. у ваенныя казармы. Сярод іх быў і добры Язэпаў знаёмы — Пятрок, хлапец з рассечанаю шчакою з маёнтка пана Жардзецкага. Якімовіч.

рассе́янасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць рассеянага.

2. Адсутнасць увагі, інтарэсу да чаго‑н. пэўнага. [Стары] нават маўчаць і слухаць умее з рассеянасцю, выказваючы знявагу да субяседніка. У. Калеснік.

рассе́янне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рассеяць (у 2 знач.); дзеянне і стан паводле дзеясл. рассеяцца (у 2 знач.).