Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перыясты́т, ‑у, М ‑стыце, м.

Спец. Запаленне надкосніцы.

[Ад грэч. perí — вакол і osteón — косць.]

пе́са, нескл., н.

Грашовая адзінка і разменная манета некаторых дзяржаў Лацінскай Амерыкі і Філіпін.

[Ісп. peso.]

пе́сеннасць, ‑і, ж.

1. Напеўнасць, меладычнасць. Доўгі час вершы Уладзіміра Маякоўскага лічыліся пазбаўленымі музычнасці, але вось кампазітар Свірыдаў паклаў іх на музыку — і яны раптам выявілі прыхаваную ўнутраную песеннасць. «Полымя».

2. зб.; якая. Песні, песенныя мелодыі. Шырокі аб’ектывізм музыкі Глінкі, безумоўна, меў у сваёй аснове глыбокую сувязь з рускай народнай песеннасцю. «Звязда». На Палессі хоць і вядомы купальскі звычай, купальская песеннасць, але выступаюць яны тут непараўнальна слабей, чым на поўначы, у вадазборы Заходняй Дзвіны. Ліс.

пе́сеннік, ‑а, м.

1. Аўтар тэксту песень або кампазітар песеянай музыкі. Паэт-песеннік. Кампазітар-песеннік.

2. Разм. Выканаўца песень; аматар спяваць песні. — Едзе [Анікей] і пяе, песня плыве над ракой.. Песеннік быў... Ах, колькі радасці ён прывозіў з сабой!.. Ракітны. Для паноў ён [прадзед] быў першы разбойнік, Для людзей жа — музыка і песеннік. Блатун.

пе́сенніца, ‑ы, ж.

Жан. да песеннік.

пе́сенны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да песні, уласцівы ёй. Песенная культура. Песенны матыў. Песенны фальклор.

2. Напеўны, меладычны. Шаўчэнкі песеннае слова З малых гадоў хвалюе нас. Хведаровіч. Жнівень прыйшоў і сюды — на пшанічныя ўзгоркі і ў даліны з багатым ільном, — калгасны жнівень з вострым хлебным пахам і з песенным сакатаннем жняярак, гулам камбайнаў і гружаных аўтамашын. Брыль.

3. Які любіць спяваць, багаты песнямі. Песенны народ. Песенны край. □ У песенную вёску прыязджаюць работнікі дамоў народнай творчасці, Акадэміі навук, запісваюць за самадзейнымі артыстамі іх песні, тэксты народных прадстаўленняў. Місько.

пе́сенька, ‑і, ДМ ‑ньцы; Р мн. ‑нек; ж.

Памянш.-ласк. да песня; кароткая дзіцячая песня.

•••

Песенька (песня) чыя спета — канец чыйго‑н. жыцця, шчасця, поспехаў, славы і пад.

песе́та, ‑ы, ДМ ‑сеце, ж.

Грашовая адзінка ў Іспаніі і Экватарыяльнай Гвінеі.

[Ісп. peseta.]

песімі́зм, ‑у, м.

Светаадчуванне, прасякнутае нявер’ем у лепшае будучае, схільнасцю бачыць ва ўсім толькі адмоўнае; проціл. аптымізм. Карціна вельмі цікавая па сваёй задуме, выкананню, аднак уся яна прасякнута глыбокім пачуццём безвыходнасці і песімізмам. «Звязда».

[Ад лац. pessimus — найгоршы.]

песімі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто схільны да песімізму; проціл. аптыміст. — Нешта, брат, ты песімістам робішся. Народ радуецца, а ты... Спалохаўся? Не бойся, твае пазіцыі моцныя! Шамякін.