Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непрыто́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў непрытомнасці. Бацька цяслярыў у пана, і там яго прыбіла каля зруба дзеравякай. Так і памёр — непрытомны. Брыль.

2. (звычайна ў параўнанні). Які знаходзіцца ў стане душэўнага ўзрушэння; узбуджаны. Мікола ўсхапіўся з пасцелі, як непрытомны. Ён нічога не помніў. Колас. Настуля, нібы непрытомная, абхапіла Язэпа за шыю і пачала цалаваць. Чарот. // Які знаходзіцца ў стане атупення, абыякавасці. [Саша] ішла, як непрытомная, абыякавая ў гэты час да ўсяго, што рабілася навокал, ішла, як асуджаная на смерць. Шамякін. // Уласцівы такому чалавеку. Раіса глядзела на.. [Ірыну Аркадзеўну] непрытомным позіркам і ківала галавой. Шамякін. Непрытомнымі вачыма ўтаропіўся [Пракоп] у сілуэты. Якімовіч.

непрыту́льна,

Разм.

1. Прысл. да непрытульны.

2. безас. у знач. вык. Без утульнасці, камфорту. Нудна і непрытульна было ў лесе без вогнішча. Вільгаць пранізвала косці. Бядуля.

непрыту́льнасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць і стан непрытульнага.

непрыту́льны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і няўтульны. Хлопцы, чалавек пятнаццаць, сядзелі ў пакойчыку непрытульнай пецярбургскай кватэры. Караткевіч.

непрыхава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які праяўляецца адкрыта, не хаваецца. У голасе камандзіра роты Туравец пачуў непрыхаваную трывогу. Мележ. Як змовіўшыся, мужчыны з непрыхаваным чаканнем пазіралі на Якава Каваліка — чакалі, што скажа брыгадзір. Кухараў.

непрыхі́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непрыхільнага; непрыхільныя адносіны да каго‑, чаго‑н. У голасе .. [Рыгора] была панурая непрыхільнасць. Чорны. Міхась адчуваў за апошнія тыдні нейкую, ну, калі не варожасць, дык непрыхільнасць да сябе з боку бацькоў Рывы. Лынькоў.

непрыхі́льны, ‑ая, ‑ае.

Непрыязна настроены; які праяўляе недружалюбнасць да каго‑, чаго‑н. [Пісар:] — [А. Мікалай] да цябе, брат, вельмі добра адносіцца і паважае, але яго трохі не задавольвае, што ты вечарамі нейкія гутаркі вядзеш з людзьмі, да царквы непрыхільнымі. Колас. // Які змяшчае ў сабе або выказвае неадабрэнне. Непрыхільны водзыў. □ Маці кідала на Макара непрыхільныя позіркі. Асіпенка. Чорныя пукатыя вочы малога былі строгія, нават непрыхільныя. Мележ.

непрычы́нены, ‑ая, ‑ае.

Шчыльна не зачынены. Праз непрычыненыя дзверы з кабінета Бурсэвіча даносяцца галасы. Машара.

непрычы́ннасць, ‑і, ж.

Адсутнасць прычыннасці да чаго‑н. Непрычыннасць да злачынства. □ [Прафесар] свядома падкрэсліваў у гутарках з Паўлам Андрэевічам сваю непрычыннасць у справах, якімі жыў апошні. Галавач.

непрычы́нны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае адносін да чаго‑н.; які не прымаў ўдзелу ў якой‑н. справе; невінаваты. Ён да гэтай справы непрычынны.