недаўлічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., што і чаго.
Улічыць, прыняць да ўвагі ў недастатковай ступені. Недаўлічыць сваіх магчымасцей.
недаўме́ннасць, ‑і, ж.
Уласцівасць недаўменнага. У бясколерных вачах бліснула штосьці — недаўменнасць ці спалох. Мележ.
недаўме́нне, ‑я, н.
Здзіўленне, сумненне, стан нерашучасці як вынік неразумення чаго‑н., няяснасці ў чым‑н. Незнаёмы ўлавіў недаўменне на твары Андрэя і спахапіўся, што ў сумятлівасці сваёй забыў адрэкамендавацца. Дуброўскі. Грушка паціснуў плячыма ў нейкім.. недаўменні і з грымасаю на твары паглядзеў у акно. Пестрак. Садовіч стаяў у недаўменні і не ведаў, што будзе далей. Колас.
недаўме́нны, ‑ая, ‑ае.
Які выяўляе недаўменне, поўны недаўмення. Варывончык глядзеў на жонку з недаўменным здзіўленнем. Кулакоўскі. Меншы [хлапчук], год чатырох, пазіраючы недаўменнымі вачанятамі ка маці, пачынаў церці кулачкамі вочы. Лынькоў.
недаўмява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Быць у недаўменні; выказваць, выяўляць недаўменне. — Дык чаго ж ты прыйшла? — недаўмявае дзед Купрыян. [Аўгіня:] — Прыйшла забраць тое, што прынесла з сабою з дому. Колас. Калісьці кітайскія літаратары пускалі ў жыццё свае творы без подпісу, ананімна. Чытаў я пра гэта ў юнацтве і недаўмяваў. Брыль.
недахва́т, ‑у, М ‑ваце, м.
Разм.
1. Адсутнасць дастатковай колькасці каго‑, чаго‑н. Калі вахман і баўэр набілі аскому высокай палітыкай, пайшла звычайная сялянская гутарка пра добрае лета, пра касавіцу, пра недахват мужчынскіх рук... Брыль. Бяскорміца, недахват сена.. прымусілі нас да таго, што за ношку саломы мы павінны былі адрабляць сваім кулакам. Нікановіч.
2. Адсутнасць дастатковых сродкаў на пражыццё, недахоп самага неабходнага; беднасць, нястача. Ведала Ніна, што бойкі, сваркі гэтыя ўсё ад таго, што недахват ва ўсім у хаце, беднасць. Галавач.
недахо́длівасць, ‑і, ж.
Недаступнасць для разумення. Недаходлівасць тлумачэння.
недахо́длівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які цяжка ўспрымаецца, не даходзіць да свядомасці; незразумелы, недаступны. Недаходлівы матэрыял кнігі.
недахо́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць недаходнага; непрыбытковасць. Недаходнасць прадпрыемства.
недахо́дны, ‑ая, ‑ае.
Які не дае даходу; непрыбытковы. Недаходная гаспадарка.