першаку́рснік, ‑а, м.
Студэнт, навучэнец першага курса.
першаку́рсны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да першага курса.
Першама́й, ‑я, м. (з вялікай літары).
Свята Першага мая. Першамай — наша традыцыйнае працоўнае свята, дзень агляду адзінства і згуртаванасці, маналітнасці нашых радоў. «Звязда».
першама́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да свята Першага мая. Першамайская дэманстрацыя. Першамайскія ўрачыстасці. Першамайскія падарункі. □ Сёння ў першамайскай калоне горда крочаць побач былыя воіны і партызаны. «Звязда».
першапачатко́васць, ‑і, ж.
Якасць першапачатковага.
першапачатко́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Самы першы, пачатковы, зыходны. Першапачатковы план падарожжа. Аднавіць першапачатковы тэкст. □ Першапачатковы спалох праходзіў, вярталася .. [Таццяніна] звычайная ўпэўненасць і рашучасць. Шамякін. // Які быў раней, былы. Першапачатковы выгляд. Страціць першапачатковую форму. □ [Настаўніку] вельмі падабаліся такія гутаркі з гэтымі простымі людзьмі, якія яшчэ так мала адышліся ад часоў першапачатковай людской культуры. Колас.
2. Які з’яўляецца пачаткам, першай ступенню чаго‑н. Першапачатковы перыяд хваробы. Першапачатковая апрацоўка льну. Першапачатковы ўлік.
3. Самы просты, элементарны. Развіццё першапачатковых навыкаў чытання.
першапрасто́льны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які з’яўляецца самым старажытным стольным горадам, сталіцай. // у знач. наз. першапрасто́льная, ‑ай, ж. Ужываецца замест уласнага імя Масква. [Грыбаў:] Кожны афіцэр, у якім яшчэ жыве сумленне, абавязаны, не марудзячы ні хвіліны, кінуцца ратаваць.. [Маскву]! Рассекчы брудную лапу, што душыць святую, першапрастольную нашу! Мележ.
першапрахо́дзец, ‑дца, м.
Тое, што і першапраходчык. Прыемна і радасна ведаць, што на нашу долю выпаў высокі гонар быць першапраходцамі камуністычнай цывілізацыі. Машэраў.