пу́шта, ‑ы, ж.
Назва травяністага лесастэпу ў Венгрыі.
[Венг. puszta.]
пу́шча, ‑ы, ж.
Вялікі масіў лесу (галоўным чынам у Беларусі і Польшчы). Белавежская пушча. Налібоцкая пушча. □ Прывольная цёмная пушча: Вялізныя ліпы, дубы, Асінніку, ельніку гушча, Між хвоі апаўшай — грыбы. Багдановіч. Пласкадонныя «чайкі» безупынна снавалі ўпоперак Нёмана, перавозячы ў пушчу насельніцтва навакольных вёсак. Брыль.
пу́шчанскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пушчы. Атрад перасек другі на сваім шляху пушчанскі тракт. Брыль. Санаторый «Курганы» мясціўся на поўначы рэспублікі, у засені густога пушчанскага лесу. Сабаленка.
пу́шчаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пусціць.
пушча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Разм. Незак. да пусціцца.
2. Зал. да пушчаць.
пушча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пусціць.
пушы́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Дробная часцінка пуху. Раніцай жаваранак прачнуўся, выскачыў з гняздзечка, рупліва выкладзенага сухім пырнікам і лёгкімі пушынкамі. Даніленка. Ніна па-гаспадарску зняла нейкую нябачную пушынку з.. [Алесевага] пінжака. Шыцік. / Пра што‑н. вельмі лёгкае, што нагадвае пушынкі. Мяккія пушынкі снегу ападалі на зямлю. Кавалёў. Побач з.. [Сняжком] куляецца і кружыць белай пушынкай на ветры малая спрытная Волечка. Брыль.
пушы́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пушыстага. Пушыстасць валасоў.
пушы́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты мяккім пухам або шэрсцю. Пушысты кот. Пушысты хвост. □ [Дзядзька Гэмаль] паказаў нам шкуркі пясцоў і лісаў. Якія яны былі прыгожыя, пушыстыя! Бяганская.
2. Лёгкі, вельмі мяккі. Пасмачка пушыстых Тоніных валасоў выбілася з-пад заляпанай мелам касынкі. Даніленка. Дарога ў пушыстым снезе, сонечная, іскрыстая, усё глыбей вяла Андрэя ў лес. Пестрак.
пушы́цца, ‑шыцца; незак.
Быць, здавацца пушыстым. Раніцы ўставалі ружавыя, з ружовым снегам і ружовым інеем, якога багата пушылася на сценах, у падстрэшшах. Мележ. Пахне цёртым лёнам: на скрыні расчасаная на жалезным грабянцы з вялізнымі зубамі пушыцца кудзеля. Васілевіч.