пераваро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перавярнуць.
перавары́цца, ‑варыцца; зак.
1. Паварыцца нанава, яшчэ раз.
2. Сапсавацца, страціць некаторыя якасці ў выніку доўгага варэння; гатавання. А калі і зварыць, то радасці ад яды той мала: яна ці недасоленая, ці перасоленая, не даварыцца альбо пераварыцца, а то яшчэ і прыгарыць. Сачанка.
3. Перапрацавацца, засвоіцца ў працэсе стрававання. // перан. Разм. Успрыняцца, засвоіцца, перапрацавацца.
перавары́ць, ‑вару, ‑варыш, ‑варыць; зак., што.
1. Зварыць нанава, яшчэ раз. Пераварыць варэнне.
2. Сапсаваць, пазбавіць патрэбных якасцей у выніку празмернага варэння гатавання. Пераварыць мяса.
3. Перапрацаваць, засвоіць у працэсе стрававання. [Голуб:] — Кажуць, салдацкае нутро пераварыць шрубу, гайку і ружэйнае масла. Васілевіч. // перан. Разм. Успрыняць, засвоіць, перапрацаваць. Унтэру столькі незразумелых слоў не пераварыць да самай смерці. Асіпенка.
перавастры́ць, ‑вастру, ‑вострыш, ‑вострыць; зак., што.
1. Навастрыць іначай, яшчэ раз. Перавастрыць разец.
2. Навастрыць усё, многае.
3. Навастрыць вельмі моцна, больш, чым трэба. Перавастрыць брытву.
пераве́дацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Наведаць, праведаць каго‑н.; даведацца. Вельмі ж крыўдзілася на мяне маці, што я на яе забыўся і не еду нават пераведацца. Сачанка. Да мяне прыехаў пераведацца аж з Украіны былы начальнік штаба Грыша Астрамуха. Янкоўскі.
пераве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. каго. Наведаць, праведаць. Увечары, калі ўжо добра ўцямнела, Мікола прыйшоў пераведаць маці. Сабаленка. Усім хацелася пераведаць земляка, пагутарыць, падзяліцца навінамі. Краўчанка.
2. што і чаго. Зазнаць. Праходзяць дні, ідуць сваёю чарадою зімы і леты з іх халадамі і спякотамі, з іх бурамі і навальніцамі, а.. [дубы] спакойныя, як чалавек, які ўсё пераведаў на свеце, усё перажыў і ўжо нічога новага не чакае ад жыцця, апроч смерці. Колас.
пераве́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пераведаць (у 1 знач.).
пераве́дзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перавесці.
пераве́зены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перавезці.
пераве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. перавёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; зак., каго-што.
1. Перамясціць, даставіць якім‑н. транспартам з аднаго месца на другое. Перавезці дзяцей на дачу. □ Ужо некалькі дзён дзед не вартаваў птушкаферму: яе перавезлі на дальні выган. Даніленка. Цэлую ноч вазілі снапы. Перавезлі апошнія, калі ўсходзіла сонца. Чарнышэвіч.
2. Везучы, перамясціць цераз што‑н. на другі бок чаго‑н. Валодзька спыняецца на беразе Нёмана і гукае на той бок паромшчыку: — Дзеду, а мо перавёз бы? Брыль.