Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дысцыплі́на 1, ‑ы, ж.

Цвёрда устаноўлены парадак, абавязковы для ўсіх членаў якога‑н. калектыву. Працоўная дысцыпліна. Ваенная дысцыпліна. Фінансавая дысцыпліна. □ Цімоша ж як быў, так і застаўся выдатнікам вучобы, у яго заўсёды ўзорная дысцыпліна. Краўчанка. // Вытрымка, прывычка да строгага парадку. Унутраная дысцыпліна.

дысцыплі́на 2, ‑ы, ж.

Асобная галіна якой‑н. навукі; вучэбны прадмет. Гуманітарныя дысцыпліны. Фізіка-матэматычныя дысцыпліны.

[Ад лац. disciplina — вучэнне.]

дысцыплінава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць дысцыплінаванага. Дысцыплінаванасць студэнтаў.

дысцыплінава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які прытрымліваецца патрабаванняў дысцыпліны ​1, правіл паводзін; арганізаваны, вытрыманы. [Банжын] чалавек дысцыплінаваны і без дазволу наўрад ці пачне мантаж. Шыцік.

дысцыплінава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; зак. і незак.

1. Прывучыцца (прывучацца) да парадку, дысцыпліны ​1.

2. толькі незак. Зал. да дысцыплінаваць.

дысцыплінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак. і незак., каго-што.

Прывучыць (прывучаць) да парадку, дысцыпліны ​1. [Камандзіры] сваім спакоем і цвёрдасцю падбадзёрвалі дысцыплінавалі ўсіх. Мележ.

дысцыпліна́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дысцыпліны ​1. Дысцыплінарны статут. // Звязаны з парушэннем дысцыпліны. Дысцыплінарнае спагнанне. □ [Сідар] чакаў суровай дысцыплінарнай кары, але не чакаў кары ад калектыву. Галавач.

•••

Дысцыплінарны батальён гл. батальён.

дысцыплі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж. (часта з іран. адценнем).

Памянш.-ласк. да дысцыпліна. Ну і дысцыплінка! □ — Адным словам дысцыплінка, і носа не вешаць. — Ёсць, таварыш сакратар, дысцыплінка! Лынькоў.

дыфама́цыя, ‑і, ж.

У крыміналістыцы некаторых буржуазных дзяржаў — распаўсюджанне праз друк вестак (сапраўдных або выдуманых), якія ганьбяць, знеслаўляюць каго‑н.

[Ад лац. diffamare — знеслаўляць.]

дыфасге́н, ‑у, м.

Бясколернае масляністае атрутнае рэчыва з рэзкім удушлівым пахам, падобным да паху прэлага сена.

[Грэч. di(s) — двойчы і фасген.]

дыферэнцы́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дыферэнцыраваць і стан паводле знач. дзеясл. дыферэнцыравацца.