Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дыяба́з, ‑а, м.

Горная парода даўняга вулканічнага паходжання, падобная на базальт (скарыстоўваецца як будаўнічы матэрыял).

[Ад грэч. diabasis — пераход, праходжанне праз што‑н.]

дыяба́завы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дыябазу; з дыябазу. Дыябазавыя скалы. Дыябазавы брук.

дыябе́т, ‑у, М ‑беце, м.

Рад хвароб, якія суправаджаюцца выдзяленнем вялікай колькасці мачы.

•••

Цукровы дыябет — хвароба, якая характарызуецца павелічэннем цукру ў крыві і ў мачы; цукровая хвароба.

[Грэч. diabētēs.]

дыябе́тык, ‑а, м.

Разм. Хворы на дыябет.

дыягана́левы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з дыяганалю ​1. Дыяганалевы касцюм.

дыягана́ль 1, ‑ю, м.

Шчыльная баваўняная або шарсцяная тканіна з косымі рубчыкамі.

дыягана́ль 2, ‑і, ж.

Прамая лінія, якая злучае два несумежныя вуглы многавугольніка або дзве вяршыні шматгранніка, што ляжаць не ў адной плоскасці.

•••

Па дыяганалі — наўскасяк, не пад прамым вуглом (ісці, рухацца і пад.).

дыягана́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дыяганалі ​2. Дыяганальная плоскасць.

дыя́гназ, ‑у, м.

Урачэбнае заключэнне аб хваробе па падставе абследавання хворага. Паставіць дыягназ.

[Ад грэч. diágnōsis — распазнаванне.]

дыягнастава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што і без дап.

Паставіць (ставіць) дыягназ, вызначыць (вызначаць) хваробу. Дыягнаставаць хваробу. □ Прыкладаў [Смірын] да грудзей фанендаскоп, услухоўваўся ў хрыпы, нарэшце дыягнаставаў — грып. Алешка.

дыягнасты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дыягназу, да дыягностыкі. Дыягнастычны апарат. Дыягнастычнае аддзяленне клінікі.