дыб, дыб-ды́б, выкл.
у знач. вык. Ужываецца ў значэнні дзеяслова дыбаць. І [в]от ідуць сабе: сакратар — топ-топ па гразі, а крамнік — дыб-дыб, як певень. Мурашка.
ды́ба 1, ‑ы, ж.
Сярэдневяковая прылада для катаванняў. Падняць на дыбу. Паслаць на дыбу.
ды́ба 2, прысл.
Разм. Тое, што і дыбам. Конь стаў дыба.
дыбазо́л, ‑у, м.
Лекавы прэпарат, які валодае сасударасшыральным дзеяннем.
ды́бам, прысл.
Падняўшыся ўверх; тарчма, старчаком. Сняцца аглухшыя рыбы, Стогны у далях марскіх, Сняцца узнятыя дыбам Хвалі ад выбухаў іх [мін]. Танк.
•••
Валасы (сталі, становяцца) дыбам гл. волас.
ды́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Ісці размерна і важна або нязграбна. Наперадзе шпарка бег Віктар, ззаду дыбаў Мірон. Маўр. Буслы дыбаюць па беразе Расянкі. Асіпенка. Паперадзе Пятро Анісімавіч, цётка Лісавета, за імі смешна дыбае босымі.. ножкамі Уладзік. Сачанка.
ды́бачкі, ‑чак; адз. няма.
У выразах: на дыбачках або на дыбачкі — на кончыках (на кончыкі) пальцаў ног (падысці, стаць і пад.). Даніла падкраўся на дыбачках ззаду да Маланні, каб яна не пачула — папужаць яе надумаўся. Капыловіч. Алаіза ўзнімалася на дыбачкі, каб убачыць, хто нясе сцяг. Арабей.
ды́біцца, ‑біцца; незак.
Станавіцца дыбам. Града камення загароджвала шлях вадзе, і разгневаны паток дыбіўся, лез на каменне. Шамякін. // Станавіцца на дыбы. З двароў выбягалі жарабкі, люта ржалі, дыбіліся, брыкалі маладымі дужымі нагамі. Хомчанка.
ды́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., каго-што.
Узнімаць дыбам. Сіберны вецер барабаніў голлем, дыбіў пер’е маўклівых варон. Ракітны.
дыбка́, прысл.
На заднія ногі (станавіцца, узнімацца), на задніх нагах (стаяць і пад.). [Жарабок] не знаходзіў месца на шырокім дварышчы, станавіўся дыбка, вытанцоўваў. Чарнышэвіч. Стаіць пад яблыняй [козлік] дыбка і [на]пінаецца, каб дастаць на галінцы лісток. Брыль.