Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дыс... (а таксама дыз...), прыстаўка.

Абазначае парушэнне, разлад, страту чаго‑н.; адпавядае па значэнню прыстаўкам «раз...», «не...», напрыклад: дысгармонія, дыскваліфікацыя, дыслакацыя.

[Лац. dis..., грэч. dys...]

дысана́нс, ‑у, м.

1. Негарманічнае спалучэнне музычных гукаў, парушэнне сугучнасці; проціл. кансананс.

2. перан. Разлад, няўзгодненасць з чым‑н., супярэчнасць чаму‑н. І толькі адзін дэлегат выступіў з прапановай, якая прагучэла дысанансам у агульнай дыскусіі. Лынькоў. Першы стрэл прагучаў дысанансам да.. спакойнай ранішняй цішыні. Дамашэвіч.

[Фр. dissonance.]

дысані́раваць, ‑руе; незак.

Гучаць дысанансам.

дысацыя́цыя, ‑і, ж.

1. Распад малекул на састаўныя часткі. Тэорыя электралітычнай дысацыяцыі.

2. Парушэнне звязнасці псіхічных працэсаў.

[Ад лац. dissociatio — раз’яднанне.]

дысгармані́раваць, ‑руе; незак.

1. Быць у дысгармоніі, парушаць гармонію.

2. перан. Быць у разладзе, няўзгодненасці, разыходзіцца з чым‑н.

дысгармані́чны, ‑ая, ‑ае.

З наяўнасцю дысгармоніі; бязладны, негарманічны. Дысгарманічная музыка. Дысгарманічнае спалучэнне колераў. □ Дысгарманічны ход думак ураз спыніўся на месцы, змяніў кірунак, сцішыўся, павальнеў. Мікуліч.

дысгармо́нія, ‑і, ж.

1. Парушэнне або адсутнасць гармоніі, бязладнае гучанне; немілагучнасць.

2. перан. Разлад, няўзгодненасць, разыходжанне чаго‑н. з чым‑н. На белым кані, малады і радасны, Станіслаў Югкевіч уносіў дысгармонію ў абставіны. Мікуліч.

[Ад грэч. dys і harmonia— сугучнасць.]

дысерта́бельны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Прыгодны, дастатковы для напісання дысертацыі. Дысертабельная тэма.

дысерта́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто працуе над дысертацыяй, абараняе дысертацыю. — Вось, — паказаў на Рыгора Сцяпан Раманавіч. — Наш дысертант. Таленавіты малады вучоны. Арабей.

дысерта́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да дысертант.