Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ды́лда, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Разм. пагард. Пра высокага нязграбнага чалавека (часцей пра жанчыну). А жонку меў [купец], на жаль, панурую, худую дылду з чорнымі вусамі, як у мышы. Гарэцкі.

дыле́ма, ‑ы, ж.

1. Суджэнне, вывад з двума процілеглымі палажэннямі, з якіх неабходна выбраць адно, паколькі трэцяе немагчыма.

2. Становішча, пры якім выбар адной з дзвюх процілеглых магчымасцей аднолькава цяжкі. — А калі б перад табою паставілі такую дылему: салдат ці арыштант? Што выбраў бы? Колас.

[Грэч. dilēmma.]

дылета́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто займаецца навукай або мастацтвам без спецыяльнай падрыхтоўкі; чалавек, які мае павярхоўнае знаёмства з якой‑н. галіной ведаў. Дылетант у музыцы.

[Іт. dilettante.]

дылета́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да дылетант.

дылетанты́зм, ‑у, м.

Занятак, захапленне якой‑н. навукай, мастацтвам без дастатковай спецыяльнай падрыхтоўкі. // Павярхоўныя дылетанцкія адносіны да чаго‑н.

дылета́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дылетанта; павярхоўны. Дылетанцкія разважанні.

дылета́нцтва, ‑а, н.

Тое, што і дылетантызм.

дылёўка, ‑і, ДМ ‑лёўцы; Р мн. ‑лёвак; ж.

Абл. Тоўстая дошка. Да акон былі прымацаваны выструганыя з дылёвак аканіцы. Бажко.

дыліжа́нс, ‑а, м.

Крытая мнагамесная карэта, запрэжаная коньмі, якой карысталіся для рэгулярнай перавозкі пасажыраў і пошты да пашырэння чыгуначныя і аўтамабільных зносін.

[Фр. diligence.]

дыліжа́нсавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дыліжанса. Дыліжансавая кантора.