Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

персеі́ды, ‑аў; адз. няма.

Спец. Вялікі паток метэораў, якія ляцяць у пэўны час з боку сузор’я Персея.

пе́рсі, ‑яў; адз. няма.

1. Уст., паэт. Грудзі (у чалавека). Юнак той — прапаршчык Дзяжа. У росце мерны, цёмна-русы, Шырокі ў персях і плячах. Колас.

2. Грудзі (у каня). Конь, разгарачаны галопам, захроп, ледзь не па самыя персі прасадзіўшы тонкія ногі ў снег. Паслядовіч. Сцяпан аброццю прыціснуў галаву каня да персяў. Мележ.

персі́дскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Персіі, персаў.

пе́рсік, ‑а, м.

1. Паўднёвае пладовае дрэва сямейства ружакветных.

2. Мясісты сакаўны плод гэтага дрэва з пушыстай жаўтавата-чырвонай скуркай і буйной костачкай.

[Лац. persicus — персідскі.]

пе́рсікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да персіка, з’яўляецца персікам. Трапляюцца пладовыя дрэвы — персікавыя, абрыкосавыя. Маўр. [Паэт] палюбіў арыкаў плёскат, пахкі персікавы сад. Панчанка. // Прыгатаваны з персікаў. Персікавае варэнне.

персія́нка,

гл. персы.

персо́на, ‑ы, ж.

1. з азначэннем. Кніжн. і іран. Асоба, чалавек. На сцяне вісеў партрэт міністра шляхоў зносін, але Блок, здавалася, касаваў яго сваёю персонаю. Колас. // Важная, значная асоба. Расказваюць, аднаго разу па чыгунцы праз горад праязджала нейкая вельмі важная персона. Айзік ніяк не мог прабіцца ў вагон, сфатаграфаваць яе. Сабаленка. Не ляжыць да яго, пэўна, сэрца яе. Але ж бацька хлапца не малая персона. І дзяўчына надзею хлапцу падае. Вялюгін.

2. Чалавек, асоба (за сталом). Накрыць стол на пяць персон.

•••

Персона грата (лац. persona grata — пажаданая асоба) — а) дыпламат, кандыдатура якога на дыпламатычны пост адобрана ўрадам той краіны, куды ён накіраваны; б) (уст. і іран.) пра чалавека, які карыстаецца асобымі прывілеямі, прыхільнасцю з боку высокапастаўленай асобы.

Персона нон грата (лац. persona non grata) — дыпламатычны прадстаўнік, які не карыстаецца давер’ем з боку ўрада дзяржавы, куды ён назначаецца.

Уласнай персонай (жарт.) — сам, асабіста. — Вось ён, уласнай персонай, — пачуўся ў гэты час з парога мужчынскі голас. Васілевіч. [Камендант] часам сам, мінаючы кур’ера, прыносіць ёй паперы, уласнай персонай заходзіць да яе. Лынькоў.

[Лац. persona.]

перспекты́ва, ‑ы, ж.

1. Від у далячынь з якога‑н. месца; даль. Я вяртаюся на месца, дзе канал злучаецца з Бярэзінай, і спыняюся на невялікім мыску, створаным берагам ракі і берагам канала. Адсюль адкрываецца далёкая перспектыва ўверх і ўніз па плыні. В. Вольскі. Юткевіч выйшаў за вайскоўцам у доўгі напаўцёмны калідор. У перспектыве свяціліся шкляныя дзверы. Мікуліч.

2. Спосаб адлюстравання аб’ёмных прадметаў на плоскасці з улікам уяўных змяненняў іх велічыні, абрысаў, выразнасці ў залежнасці ад ступені аддаленасці ад наглядальніка. Законы лінейнай перспектывы. // Аб’ёмнасць, суадносіны аб’ёмных прадметаў і іх частак. Адсутнасць перспектывы.

3. Раздзел начартальнай геаметрыі, які вывучае правілы і спосабы праекцыі прадметаў на плоскасць.

4. пераважна мн. (перспекты́вы, ‑тыў); перан. Планы, віды на будучае. Перспектывы далейшай работы. Перспектывы на ураджай. □ Ля вогнішча ідзе гутарка пра перспектывы развіцця рыбнай гаспадаркі на возеры. В. Вольскі. // Будучае, магчымасці, спрыяльныя ўмовы развіцця чаго‑н. у далейшым. Яно і добра, што ёсць з каго браць прыклад, — светлая перспектыва заўсёды заве наперад. Кулакоўскі. [Заранік:] — Зона.. [машынна-трактарнай станцыі] глухая, вельмі пацярпела ад акупацыі, але з перспектывамі... Хадкевіч. Рабочыя памяталі аб даваенных крызісных гадах, аб жахлівых нягодах беспрацоўнага жыцця, пазбаўленага ўсякіх перспектыў і надзей. Лынькоў. Бацька не бачыў у агранаміі тэхнікі, а таму і ніякіх перспектыў. Пестрак. // Тое, што, па меркаванню каго‑н., павінна наступіць. Адзіночка, а пасля перспектыва васьмігадовага вандравання з астрога ў астрог страшылі .. [Гурына]. Машара. Доктара ніколі не захапляла перспектыва цягаць аднаго за другім шчупакоў або акунёў. Васілевіч.

•••

У перспектыве — у будучым, у далейшым. [Паддубны] прадчуваў, што ў перспектыве будуць неймаверныя цяжкасці і небяспекі. Пестрак.

[Фр. perspective.]

перспекты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць перспектыўнага.

перспекты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да перспектывы (у 2 знач.). Перспектыўны жывапіс. Перспектыўныя дэкарацыі.

2. Які прадугледжвае будучае развіццё, распрацаваны на многа год. Перспектыўнае планаванне. □ — Наша задача — дапамагчы кожнаму калгасу скласці перспектыўны план развіцця гаспадаркі. Шамякін.

3. Які мае перспектывы (у 4 знач.), можа паспяхова развівацца ў будучым. Перспектыўная прафесія. Перспектыўны сорт раслін. □ — Раён у нас перспектыўны. Не думайце, што глухамань. Асіпенка.