перая́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Тое, што і пераярак.
перга́мент, ‑у, М ‑нце, м.
1. Спецыяльна апрацаваная скура жывёлы, на якой пісалі да вынаходства паперы. Грамата напісана ўставам на невялікім кавалку пергаменту з абрыўкам шнура ад згубленай прывясной пачаткі. «Помнікі».
2. Старажытны рукапіс, напісаны на такой скуры. У Балгарыі знойдзен пергамент, на якім па сцёртых глагалічных словах напісаны кірыліцкія. «Беларусь».
3. Абгортачная папера, якая не прапускае тлушчу і вільгаці.
[Ад геаграфічнай назвы.]
перга́ментны, ‑ая, ‑ае.
1. Зроблены з пергаменту (у 1 знач.). На стале, на крэслах, проста на падлозе ляжалі жаўтаватыя, пергаментныя, і белыя, папяровыя, скруткі карт, стальныя і гусіныя пер’і, чарніліцы з атрамантам. Караткевіч. // Які мае адносіны да пергаменту. Пергаментная майстэрня.
2. перан. Які нагадвае сваім выглядам пергамент; жаўтаваты. Пергаментны твар.
пергамі́н, ‑у, м.
1. Ізаляцыйны рулонны матэрыял з тонкага кардону, насычанага нафтавымі бітумамі.
2. Тонкая трывалая папера для вырабу натуральнай папяровай калькі.
пергідро́ль, ‑ю, м.
Водны раствор перакісу вадароду.
[Ад лац. per — праз, цераз і грэч. hydōr — вада.]
пе́р’е, ‑я, н., зб.
Пёры (гл. пяро ў 1 знач.).
перкаля́тар, ‑а, м.
Спец. Апарат для вышчалочвання.
перкаля́цыя, ‑і, ж.
Спец. Спосаб вышчалочвання руд (пераважна медных акісленых і тых, у якіх утрымліваецца золата).
перкусі́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да перкусіі. Перкусійны метад даследавання. // Які прызначаны, служыць для перкусіі. Перкусійны малаточак.
перку́сія, ‑і, ж.
Спец. Пастукванне хворага пальцамі або спецыяльным малаточкам для вызначэння стану яго ўнутраных органаў па характары ўтвораных гукаў.
[Ад лац. percussio — нанясенне ўдараў.]