расклява́ць, ‑клюю, ‑клюеш, ‑клюе; зак., што.
1. Клюючы, з’есці, расцягнуць. Куры расклявалі корм.
2. Клюючы, пашкодзіць што‑н. або пашырыць пашкоджанне ў чым‑н. Груганнё паспела ўжо раскляваць рану аж да шыі. Чорны.
раскляпа́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад раскляпаць.
раскляпа́цца, ‑аецца; зак.
Расхістацца, распасціся ў месцах заклёпак.
раскляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Выбіць заклёпкі, разняць на часткі (што‑н. скляпанае). Выпадкова ўдалося выявіць на дне ракі Свіслач паравы кацёл і некалькі ржавых вялікіх жалезных бакаў. Іх выцягнулі з вады, тут жа раскляпалі і перацягнулі на завод. «Полымя».
2. Распляскаць, расплюшчыць чым‑н. цяжкім, цвёрдым.
раско́л, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. расколваць — раскалоць і расколвацца — раскалоцца.
2. Месца, па якім што‑н. расколата або раскалолася; трэшчына. Лінія расколу.
3. перан. Раздзяленне каго‑, чаго‑н. на групы, часткі, абумоўленае наяўнасцю рознагалоссяў. У час спробы зрабіць раскол у партыйнай арганізацыі палітзняволеных Хмель быў выкрыты і выключаны з радоў партыі. Хромчанка. Гурын арганізоўвае раскол партыі.. і абвяшчае сябе кіраўніком адколатай групы. Машара.
4. Рэлігійна-грамадскі рух у Расіі, які ўзнік у сярэдзіне 17 стагоддзя, быў накіраваны супраць царквы і закончыўся ўтварэннем шэрагу сект.
5. Стараверства.
раско́латы, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад раскалоць.
раско́лванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. расколваць — раскалоць.
раско́лвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да раскалоцца.
2. Разм. Моцна балець (пра галаву). На наступны ўрок .. [Сцёпа] не застаўся. Сказаў: — Галава ажно расколваецца — і пайшоў дадому. Курто.
3. Зал. да расколваць.
раско́лваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да раскалоць.
раско́ліна, ‑ы, ж.
1. Лінія расколу чаго‑н.; трэшчына. Алешыну раскалола навальніца. Віця нават засунуў руку ў расколіну — такая яна была вялікая. Хомчанка. Сцены хаты, сухія, з глыбокімі расколінамі, амаль напалову закрывала насунутая грыбам страха. Караткевіч.
2. Глыбокая трэшчына ў зямлі, горнай пародзе; цясніна. [Скрут і Балаш] ішлі, пераскокваючы расколіны, абходзячы непрыступныя пікі. Шыцік. Марудзіць тут няма калі, і мы хаваемся ў расколіну і па ёй збягаем к берагу. С. Александровіч.
3. перан. Разлад, разыходжанне паміж кім‑, чым‑н., выкліканыя рознагалоссямі, супярэчнасцямі. Пасля такіх спрэчак сябры адчулі, што іх сяброўства дало вялікую расколіну, што іхнія дарогі скіраваны ў розныя бакі. Колас.