развалачы́цца, ‑лачуся, ‑лочышся, ‑лочыцца; зак.
Разм. Пачаць часта і доўга валачыцца, хадзіць невядома дзе; расцягацца. Падрос козлік і вельмі ж развалачыўся. Брыль. [Ян:] — Нямала я палаяў яго, што валочыцца кожную ноч... Думаў я, што прыйдзецца мне лейцамі яго вучыць, бо развалачыўся, як Лейзерава карова, усё па чужых дварах... Чарнышэвіч.
разва́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад разваліць.
2. у знач. прым. Які разваліўся; разламаны, паламаны. [Максім Астапавіч] абышоў навокал хату — усё было старое, трухлявае, разваленае. Чорны.
разва́ліна, ‑ы, ж.
1. звычайна мн. (разва́ліны, ‑лін). Рэшткі разваленай пабудовы альбо групы пабудоў. На муроў граніт, На чорныя разваліны Нямігі Крутымі рэчышчамі вуліц, як прыбой, Плывуць веснавыя крыгі, Далёкі золак несучы з сабой. Танк. Некалькі раненых афіцэраў, цудам уцалеўшых і выкапаных з-пад развалін школы, расказалі аб гераічнай смерці Андрэя. Шамякін. Як героі, то ўпалі, Расстраляныя, ніц, Злеглі ў грудах развалін Сотні сот камяніц. Гілевіч. // Разм. Расстроеная, разбітая машына або механізм. — Малатарня была, што і казаць. Не тое, што гэта разваліна, — у тон .. [Андрэю] адазваўся Костусь. Васілевіч.
2. перан. Разм. Пра старога або разбітага хваробай чалавека.
разва́ліны, ‑лін; адз. няма.
Разм. Тое, што і развалкі. Сані, тыя самыя разваліны, што доўгія гады пад’язджаў ён [Пніцкі] на іх усё пад станцыю .., стаялі прыпёртыя да суседняй сцяны. Чорны. Антон вынес з пуні і палажыў на разваліны і адзін ахапак сена, і другі, і трэці. Ермаловіч.
разва́лісты, ‑ая, ‑ае.
Разм. З пахістваннем з боку ў бок (пра паходку). Камлюкаваты Пшанічны развалістай хадой ступіў наперад. Быкаў.
развалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.
1. Распасціся, разбурыцца (пра што‑н. сабранае, складзенае). Нашым вачам нечакана адкрыўся непрыемны малюнак: разваліўся воз сена. Ракітны. // Раскалоцца, разламацца на асобныя часткі ад удару. На чацвёртым удары палена развалілася, крыва абышоўшы сук. Быкаў. Гэ-эх! Надвая развалілася вялізная стракатая глыба. Лом гулка звінеў. Савіцкі.
2. Разм. Разбурыцца, ператварыцца ў руіны. Каплічка, здавалася, ледзь ліпела і гатова была кожную мінуту разваліцца. Колас. — Больш чатырох паленцаў не кладзі ў грубку, хлопча... Разваліцца яшчэ. Капыловіч. // Падрацца, знасіцца. Янка паглядвае на боты і думае: «Прыйдзецца аборынай звязаць, каб зусім не разваліліся». П. Ткачоў.
3. перан. Дайсці да поўнага заняпаду; разладзіцца, распасціся, перастаць існаваць. Ні бомбы, ні газы, ні напалм не адновяць каланіяльныя імперыі, якія разваліліся. «Звязда».
4. Разм. Сесці або легчы неакуратна, шырока раскінуўшы рукі і ногі. [Ігнат] разваліўся ў траве, спадзеючыся заснуць, але сон не ішоў. Мележ. Наводдаль ад усіх, распанела, з мяккай старэчай грацыяй разваліўся ў крэсле стары Вежа. Караткевіч.
развалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.
1. Прымусіць распасціся; раскідаць (што‑н. сабранае ў якім‑н. парадку, складзенае). Разваліць штабель бярвення. // Раскалоць, разламаць на асобныя часткі ўдарам; рассячы. Разваліць калоду. / у безас. ужыв. — Памятаеце, як я вам расказваў пра Паківачову адрыну? — спытаў Алесь. — Ну, яшчэ дуб сухі амаль над нашай галавою разваліла. Караткевіч.
2. Разм. Разбурыць, ператварыць у руіны. Разваліць хату. □ — Прыйшлі ноччу — двое мужчын, адна баба. Набілі ў школе вокны, развалілі печ... Навуменка.
3. перан. Давесці да поўнага расстройства, да заняпаду; разладзіць. Разваліць работу. Разваліць дысцыпліну. □ — Яно праўда, — згадзіўся Косця, — дружную брыгаду не разваліш. Шыцік.
разва́лкі, ‑лак; адз. няма.
Нізкія і шырокія сані з разваламі. У шырокіх сялянскіх развалках, закапаўшыся ў сена, ляжаў Васіль Сокалаў. Новікаў. Антон падцягнуў пасак, падабраў да каліўца сена і кінуў у развалкі. Ракітны.
развало́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад развалачы.
разва́лы, ‑аў; адз. няма.
1. Рама з трох жэрдак, якая кладзецца на сані для большай умяшчальнасці. На шырокіх, з разваламі, закіданых саломай санях сядзела жанчына. Галавач. Каб павялічыць пагрузачную пляцоўку саней, паўзверх іх клаліся развалы. «Помнікі».
2. Нізкія і шырокія сані з такой рамай. Балота моцна ўкавана, А снегу — на лапаты дзве... І на развалах стог духмяны У вёску між кустоў плыве. Дукса.