Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

расплікну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Абл. Расшпіліць (аплік, гузік, запанку). У кабінеце душна, і ад таго старшыня выканаўчага павятовага камітэта даўно расплікнуў каўнер кашулі і часта, перарываючы гутарку, п’е ваду. Галавач.

расплінтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Спец.

1. Разраўнаваць, ачысціць паверхню чаго‑н. (зямлі, балота і пад.). На дварэ была вясна, і трэба было старацца расплінтаваць хоць невялікія лапіны пад сяўбу. Пальчэўскі.

2. Раскалоць глыбы каменя на кавалкі, патрэбныя для далейшай апрацоўкі.

распло́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. расплоджваць — распладзіць (у 1 знач.) і расплоджвацца — распладзіцца (у 4 знач.).

2. зб. Адкладзеныя пчалінай маткай яечкі і лічынкі, а таксама кукалкі, што выраслі з гэтых яечак.

распло́джаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад распладзіць.

распло́джвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распладзіцца.

2. Зал. да расплоджваць.

распло́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распладзіць.

расплыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да расплысціся, расплыцца.

расплы́вістасць, ‑і, ж.

Уласцівасць расплывістага. Расплывістасць абрысаў. Расплывістасць фармуліроўкі.

расплы́вісты, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае выразных абрысаў. Ужо страцілі свае абрысы верхавіны дубоў і цёмнай расплывістай паласой зліваюцца з небам. Федасеенка.

2. перан. Недастаткова выразны, няпэўны, няясны. Расплывістае рашэнне. Расплывісты адказ.

расплы́сціся і расплы́цца, ‑плывуся, ‑плывешся, ‑плывецца; ‑плывёмся, ‑плывяцеся; пр. расплыўся, ‑плылася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паплысці ў розныя бакі. Чуліся воклічы і рогат, усплёскі вады. Потым пацішэла. Падлеткі расплыліся па адным. М. Ткачоў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расцячыся, разліцца па паверхні чаго‑н. Прыпяць расплылася тут шырока і, мусіць, ніколі не ўваходзіць у свае берагі. Сачанка. // Разысціся, плывучы (пра хмары, дым і пад.). Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас. З белых комінаў хат гаманлівых Завіхрыўся дымок кучаравы І расплыўся ў блакітным бяздонні. Журба.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіраючыся ў што‑н., утварыць рагі, падцёкі, плямы. Фарба расплылася. □ — Без каніфолі.. самы акуратны вучань не зможа напісаць і радка, каб не зрабіць кляксу, бо яго чарніла расплывецца на паперы. А каб яно не расплывалася, паперу праклейваюць спецыяльным клеем, які вырабляецца з каніфолі. Мяжэвіч. На белай кашулі юнака расплылася вялізная чырвоная пляма. Лынькоў. // Размыцца, разысціся пад дзеяннем вільгаці. У другім [двары] нічога няма, нават печышча даўно .. расплылося ды парасло дзядоўнікам і малачаем. Кулакоўскі. Напісаныя хімічным алоўкам літары расплыліся, нічога нельга разабраць... Жычка.

4. перан. Страціць выразнасць абрысаў, ліній. Стрэльба, на якую глядзеў Ладуцька, расплылася невыразнай плямай на пацямнелай сцяне. Шынклер. Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знік з вачэй, расплыўся ў цемрадзі. Колас.

5. перан. Разм. Страціць стройнасць фігуры, распаўнець. [Валянціна Андрэеўна:] — Я ўжо старая баба. Бачыш, расплылася як. Шамякін.

6. Пра праяўленне дабрадушнай усмешкі на твары. Косця, поўны радасных пачуццяў, расплыўся зусім. Карпюк. Твар жандара расплыўся ў шырокую ўсмешку і стаў падобны на месяц-поўнік. Лынькоў. // З’явіцца на твары (пра ўсмешку). На хмурным твары Мохарта расплылася лагодная ўсмешка. Алешка.