першабы́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан першабытнага (у 2, 3 знач.). Чароты шэпчуць мне вялікую быль зямлі, якая пачынаецца ад тых парогаў, якія завуцца першабытнасцю. Пестрак.
першабы́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да найстаражытнейшага перыяду гісторыі чалавецтва. Першабытны чалавек. Першабытнае грамадства. Першабытная культура.
2. перан. Устарэлы, прымітыўны. Першабытная тэхніка. □ У гэтым млыне і пад’ёмны механізм быў таксама стары, першабытны. Брыль. // Дзікі, некультурны. Першабытныя норавы.
3. Першапачатковы, былы. Тут, у вёсцы, першабытная цішыня, хвалюючы водар зямлі, пах усяго жывога, што расце, цягнецца да сонца, дыхае. Навуменка. І вецер імкнецца наўсцяж развінуць сваю першабытную дужасць. Глебка. // Некрануты, у натуральным стане. Першабытны лес.
4. Ужываецца ў якасці састаўной часткі назваў некаторых выкапнёвых жывёл. Першабытны зубр.
•••
Першабытны камунізм гл. камунізм.
першаво́браз, ‑а, м.
Кніжн. Першапачатковы, зыходны ўзор чаго‑н.
першагатунко́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да першага гатунку. Першагатунковая мука. // Вельмі добры, высакаякасны.
першаго́дак, ‑дка, м.
1. Дзіця або маладая жывёліна на першым годзе жыцця. У кожнай птушынай чарадзе, якая адлятае ў вырай, разам з маладымі, слабымі яшчэ першагодкамі, ёсць дужыя, вопытныя птахі. Мехаў.
2. Той, хто першы год знаходзіцца дзе‑н., служыць дзе‑н. Курсант-першагодак. □ Найбольш любілі мае першагодкі хітрыя задачкі і загадкі. Якімовіч.
першадру́к, ‑у, м.
1. Першая або адна з першых друкаваных кніг.
2. Першапачатковы тэкст.
першадрукава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Надрукаваны ў пачатковы перыяд кнігадрукавання. Першадрукаваныя кнігі.
2. Які з’яўляецца першым друкаваным выданнем.
першадрука́р, ‑а, м.
Той, хто паклаў пачатак кнігадрукаванню. Беларускі першадрукар Францішак Скарына — выдатны вучоны, вялікі асветнік-гуманіст і палымяны патрыёт роднай зямлі. С. Александровіч.
першазі́мак, ‑мку, м.
Першая зімовая санная дарога. Здаецца, яшчэ тыдзень-другі — і на змену дажджу пасыплецца снег, ляжа на зямлю мяккім пухам, і заскрыпяць па белым некранутым першазімку вясёлыя сані. Ігнаценка. Першазімак — першы след Уецца белым поясам. Рудкоўскі.
першакве́тныя, ‑ых.
Сямейства зрослапялёсткавых двухдольных раслін, да якога адносяцца вадаперыца, лазаніца, першацвет і інш., якія пачынаюць цвісці ранняй вясной.