Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

персо́на, ‑ы, ж.

1. з азначэннем. Кніжн. і іран. Асоба, чалавек. На сцяне вісеў партрэт міністра шляхоў зносін, але Блок, здавалася, касаваў яго сваёю персонаю. Колас. // Важная, значная асоба. Расказваюць, аднаго разу па чыгунцы праз горад праязджала нейкая вельмі важная персона. Айзік ніяк не мог прабіцца ў вагон, сфатаграфаваць яе. Сабаленка. Не ляжыць да яго, пэўна, сэрца яе. Але ж бацька хлапца не малая персона. І дзяўчына надзею хлапцу падае. Вялюгін.

2. Чалавек, асоба (за сталом). Накрыць стол на пяць персон.

•••

Персона грата (лац. persona grata — пажаданая асоба) — а) дыпламат, кандыдатура якога на дыпламатычны пост адобрана ўрадам той краіны, куды ён накіраваны; б) (уст. і іран.) пра чалавека, які карыстаецца асобымі прывілеямі, прыхільнасцю з боку высокапастаўленай асобы.

Персона нон грата (лац. persona non grata) — дыпламатычны прадстаўнік, які не карыстаецца давер’ем з боку ўрада дзяржавы, куды ён назначаецца.

Уласнай персонай (жарт.) — сам, асабіста. — Вось ён, уласнай персонай, — пачуўся ў гэты час з парога мужчынскі голас. Васілевіч. [Камендант] часам сам, мінаючы кур’ера, прыносіць ёй паперы, уласнай персонай заходзіць да яе. Лынькоў.

[Лац. persona.]

перспекты́ва, ‑ы, ж.

1. Від у далячынь з якога‑н. месца; даль. Я вяртаюся на месца, дзе канал злучаецца з Бярэзінай, і спыняюся на невялікім мыску, створаным берагам ракі і берагам канала. Адсюль адкрываецца далёкая перспектыва ўверх і ўніз па плыні. В. Вольскі. Юткевіч выйшаў за вайскоўцам у доўгі напаўцёмны калідор. У перспектыве свяціліся шкляныя дзверы. Мікуліч.

2. Спосаб адлюстравання аб’ёмных прадметаў на плоскасці з улікам уяўных змяненняў іх велічыні, абрысаў, выразнасці ў залежнасці ад ступені аддаленасці ад наглядальніка. Законы лінейнай перспектывы. // Аб’ёмнасць, суадносіны аб’ёмных прадметаў і іх частак. Адсутнасць перспектывы.

3. Раздзел начартальнай геаметрыі, які вывучае правілы і спосабы праекцыі прадметаў на плоскасць.

4. пераважна мн. (перспекты́вы, ‑тыў); перан. Планы, віды на будучае. Перспектывы далейшай работы. Перспектывы на ураджай. □ Ля вогнішча ідзе гутарка пра перспектывы развіцця рыбнай гаспадаркі на возеры. В. Вольскі. // Будучае, магчымасці, спрыяльныя ўмовы развіцця чаго‑н. у далейшым. Яно і добра, што ёсць з каго браць прыклад, — светлая перспектыва заўсёды заве наперад. Кулакоўскі. [Заранік:] — Зона.. [машынна-трактарнай станцыі] глухая, вельмі пацярпела ад акупацыі, але з перспектывамі... Хадкевіч. Рабочыя памяталі аб даваенных крызісных гадах, аб жахлівых нягодах беспрацоўнага жыцця, пазбаўленага ўсякіх перспектыў і надзей. Лынькоў. Бацька не бачыў у агранаміі тэхнікі, а таму і ніякіх перспектыў. Пестрак. // Тое, што, па меркаванню каго‑н., павінна наступіць. Адзіночка, а пасля перспектыва васьмігадовага вандравання з астрога ў астрог страшылі .. [Гурына]. Машара. Доктара ніколі не захапляла перспектыва цягаць аднаго за другім шчупакоў або акунёў. Васілевіч.

•••

У перспектыве — у будучым, у далейшым. [Паддубны] прадчуваў, што ў перспектыве будуць неймаверныя цяжкасці і небяспекі. Пестрак.

[Фр. perspective.]

перспекты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць перспектыўнага.

перспекты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да перспектывы (у 2 знач.). Перспектыўны жывапіс. Перспектыўныя дэкарацыі.

2. Які прадугледжвае будучае развіццё, распрацаваны на многа год. Перспектыўнае планаванне. □ — Наша задача — дапамагчы кожнаму калгасу скласці перспектыўны план развіцця гаспадаркі. Шамякін.

3. Які мае перспектывы (у 4 знач.), можа паспяхова развівацца ў будучым. Перспектыўная прафесія. Перспектыўны сорт раслін. □ — Раён у нас перспектыўны. Не думайце, што глухамань. Асіпенка.

персценепадо́бны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае форму персценя. Персценепадобны храсток.

пе́рсцень, ‑я, м.

Пярсцёнак з каштоўным каменем. Чорны персцень на пальцы цьмяна пабліскваў пры свеце газоўкі. Лынькоў.

пе́рсы, ‑аў; адз. перс, ‑а, м.; персіянка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. персіянкі, ‑нак; ж.

Асноўнае насельніцтва Ірана (Персіі).

перуа́нец,

гл. перуанцы.

перуа́нка,

гл. перуанцы.

перуа́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Перу, перуанцаў, уласцівы ім. Перуанскія плямёны.