персаніфікава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад персаніфікаваць.
персаніфікава́цца, ‑куецца; незак.
Зал. да персаніфікаваць.
персаніфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., што.
Кніжн. Падаць (падаваць), увасобіць (увасабляць) неадушаўлёныя прадметы або абстрактныя паняцці ў вобразе чалавека, асобы. Персаніфікаваць прыроду. □ У адной з песень Багушэвіч персаніфікаваў гора ў жывую істоту, ад якой ніяк не можа збавіцца селянін. Шкраба.
персаніфіка́цыя, ‑і, ж.
Кніжн. Увасабленне неадушаўлёных прадметаў або абстрактных паняццяў у вобразе чалавека. Персаніфікацыя з’яў і сіл прыроды. □ Праз персаніфікацыю першапачатковыя міфалагічныя уяўленні паволі адыходзілі на задні план і ў пазнейшыя часы, мабыць, зусім зніклі. Ліс.
[Ад лац. persona — асоба і facere — рабіць.]
персеі́ды, ‑аў; адз. няма.
Спец. Вялікі паток метэораў, якія ляцяць у пэўны час з боку сузор’я Персея.
пе́рсі, ‑яў; адз. няма.
1. Уст., паэт. Грудзі (у чалавека). Юнак той — прапаршчык Дзяжа. У росце мерны, цёмна-русы, Шырокі ў персях і плячах. Колас.
2. Грудзі (у каня). Конь, разгарачаны галопам, захроп, ледзь не па самыя персі прасадзіўшы тонкія ногі ў снег. Паслядовіч. Сцяпан аброццю прыціснуў галаву каня да персяў. Мележ.
персі́дскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да Персіі, персаў.
пе́рсік, ‑а, м.
1. Паўднёвае пладовае дрэва сямейства ружакветных.
2. Мясісты сакаўны плод гэтага дрэва з пушыстай жаўтавата-чырвонай скуркай і буйной костачкай.
[Лац. persicus — персідскі.]
пе́рсікавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да персіка, з’яўляецца персікам. Трапляюцца пладовыя дрэвы — персікавыя, абрыкосавыя. Маўр. [Паэт] палюбіў арыкаў плёскат, пахкі персікавы сад. Панчанка. // Прыгатаваны з персікаў. Персікавае варэнне.