Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

потавыдзяле́нне, ‑я, н.

Тое, што і потааддзяленне.

по́тайкам, прысл.

Тое, што і тайком. Пісару здавалася, што яго жонка потайкам сустракаецца з прыгожым Івашом. Колас.

по́тарч, прысл.

Тое, што і потырч. Мае рукі быццам перасталі мяне слухацца. І нож стаяў неяк потарч, і лушпінне сыпалася ў кошык вельмі тоўстае. Гроднеў. Турчыновіч не ўстаяў на нагах і паляцеў потарч. Гурскі.

по́тнік, ‑а, м.

Мяккая падкладка з лямцу і скуры для засцярогі спіны каня ад намулаў.

по́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Пакрыты потам. Сціхлі і музыканты.. Яны выціралі хусцінкамі потныя твары. Лынькоў. Кісель нарэшце скончыў сваю прамову і, выціраючы хусткай шыю і шырокі потны лоб, пайшоў на сваё месца ў прэзідыуме. Паслядовіч.

2. Тое, што і запацелы. Потныя шыбы.

по́тым, прысл.

Праз некаторы час. — Ідзіце, дзядзька Ахрэм, ідзіце... Я потым прыйду... Зарэцкі. // Пасля чаго‑н., затым. Нарэшце паплавок таргануўся, спачатку паверсе, потым імкліва нырнуў у глыбіню. Хомчанка. Перш сварыўся на яго бацька, потым бачыць — нічога не парадзіш, калі ў сына такая ахвота. Якімовіч.

по́тырч, прысл.

1. Стаўма, старчаком, у вертыкальным становішчы. [Апейка] зноў убачыў, як зрушыла, нахілілася, коса папаўзла сцяна; стала потырч, упала ў цемру. Мележ.

2. Тварам уніз; тарчма. Мацвей з разгону насціг яго і так штурхануў у плечы, што той паляцеў потырч і носам зарыў. Лобан. Чачык спатыкнуўся, узмахнуў рукамі і паляцеў потырч з хаты цераз парог. Пташнікаў.

по́ўдзень 1, ‑дня, м.

1. Адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўначы. Вецер з поўдня. □ Стаўшы тварам да сонца, ён лёгка вызначыў для сябе захад, поўнач і поўдзень. Якімовіч. // Мясцовасць, частка краіны, мацерыка, размешчаная ў гэтым напрамку. Адваката дома не аказалася: ён выехаў на неакрэслены час на поўдзень Украіны. Колас.

2. Мясцовасць, краіна з цёплым, гарачым кліматам.

по́ўдзень 2, ‑дня, м.

Сярэдзіна дня. Туравец вярнуўся ў штаб брыгады пасля поўдня. Мележ. // У астраноміі — момант, калі цэнтр Сонца праходзіць цераз мерыдыян дадзенай мясцовасці.

по́ўзанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. поўзаць.

по́ўзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Тое, што і паўзці (у 1–3 знач.), з той розніцай, што поўзаць абазначае рух, які паўтараецца і адбываецца ў розны час і ў розных напрамках. Хлопцы зноў пачалі поўзаць па зямлі, прыглядацца да кожнага кусціка. Курто. [Гунава] назіраў за чырвонымі, дробнымі жучкамі, што поўзалі па шурпатай кары каштана. Самуйлёнак. / у перан. ужыв. Ніводнай жывой істоты на полі, калі не лічыць адзінага трактара, што поўзаў удалечыні, на схіле ўзгорка. Шамякін.

2. перан. Разм. Уніжацца, нізкапаклоннічаць перад кім‑н. [Багуцкі:] — Не прычакаць ім, гадам, каб мы поўзалі перад імі! Лынькоў.

•••

Поўзаць на каленях перад кім — прасіць, маліць каго‑н. аб чым‑н.