Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

недастатко́ва, прысл.

1. прысл. Менш, чым патрэбна; мала. Тое, на што раней мы недастаткова звярталі ўвагі, цяпер становіцца сур’ёзным тормазам. «ЛіМ». // У недастатковай ступені; не зусім добра, слаба. Адна хоць самая маленькая неасцярожнасць, адзін недастаткова вывераны крок — і ўсё гіне, сотні людзей ахвяруюць сваім жыццём. Кулакоўскі.

2. безас. у знач. вык. Мала, не хапае. [Шэмет:] — Вашых адчуванняў мне недастаткова. Я.. [Яроту] таксама трошкі ведаю. Лобан.

недастатко́васць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць недастатковага. Недастатковасць абвінаваўчых матэрыялаў.

2. Спец. Недастатковая функцыя якога‑н. фізіялагічнага органа. Сардэчная недастатковасць.

недастатко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не адпавядае чаму‑н., якім‑н. патрэбам. Недастатковыя сродкі. Недастатковыя тэмпы росту вытворчасці. // Слабы, малы. Недастатковы вопыт.

2. Які патрабуе папаўнення, няпоўны; нездавальняючы. Недастатковыя веды. // Негрунтоўны, несур’ёзны. Недастатковая прычына для слёз.

недаста́ча, ‑ы, ж.

1. Адсутнасць патрэбнай колькасці каго‑, чаго‑н. Недастача вады. □ Хлапец усміхнуўся, і тут выявілася ў яго недастача пярэдніх зубоў. Самуйлёнак.

2. Адсутнасць якой‑н. маёмасці, грошай і пад., выяўленая пры праверцы магазіна, установы і пад. [Жанчына:] — Я ўчотчыца фермы. У мяне вунь недастача, судзіць збіраюцца. Навуменка.

3. Адсутнасць дастатковых сродкаў на пражыццё; недахоп самага неабходнага. З кожнай хаты нуда, Недастача глядзіць. Колас.

недасту́пнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць недаступнага; непрыступнасць.

недасту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, да якога нельга наблізіцца, падысці; непрыступны. Белы хорам стаяў недаступнай сцяной, Грозна, думна глядзеў на прыволле. Купала. А сопкі — без дрэў і без траў, А сеткі — амаль недаступныя. Пысін.

2. Такі, да якога цяжка прыступіцца; ганарысты, фанабэрысты. — Зрэшты, .. [Грышка] можа не такі ўжо недаступны, як ты думаеш, — дыпламатычна намякнула Вольга Карпаўна. Вірня. Недаступны да таго таможнік яшчэ з якую хвіліну глядзеў на нас, нібы вырашаў якую складаную праблему. Лынькоў. // Які выказвае ганарыстасць, фанабэрыстасць. Недаступны выгляд. // Строгай натуры (пра жанчын). Дзяўчына перастала засцілаць ложак, выпрасталася, упартая, недаступная. Мележ.

3. Недасяжны з прычыны якіх‑н. абставін, умоў. Недаступнае .. агню, які сцелецца па зямлі, таксама і галлё сасны, бо яно знаходзіцца высока на ствале. Гавеман. // Цяжкі для разумення. Гэта кніга яшчэ недаступная для дзяцей.

недасу́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да недасушыць.

недасу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. недасушыць; недастатковае высушванне.

недасушы́ць, ‑сушу, ‑сушыш, ‑сушыць; зак., што.

Недастаткова, не зусім высушыць. Недасушыць сена.

недасыла́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да недаслаць.