невытво́рны, ‑ая, ‑ае.
Які не ўтвараецца ад чаго‑н. падобнага. Асновы, якія складаюцца толькі з адной карэннай марфемы, называюцца невытворнымі. Граматыка.
невытлумача́льнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць невытлумачальнага; незразумеласць. Невытлумачальнасць з’явы.
невытлумача́льны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які не паддаецца тлумачэнню, вытлумачэнню; незразумелы. Невытлумачальны факт. Невытлумачальнае пачуццё. □ З .. пункту погляду [буржуазных эстэтаў] індывідуальнасць — сама сабе мера і закон, яна ўсё тлумачыць у мастацтве, сама ж невытлумачальная. «Полымя».
невыце́рпны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які цяжка, немагчыма выцерпець. Невыцерпны голад. □ Глядзіць ён на агонь той несвядома Да болю невыцерпнага ў вачах. Лойка. Мы не спужаліся вайны, Хоць там і кроў, агні пажараў. Хіба ж марнелі мы адны Ад невыцерпнага цяжару. Хведаровіч.
невычарпа́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць невычарпальнага. Невычарпальнасць прыродных багаццяў.
невычарпа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які практычна цяжка вычарпаць, выкарыстаць поўнасцю; вельмі багаты. Запасы ў атмасферы невычарпальныя. □ Сваёй назвай .. [Салігорск] абавязак невычарпальным скарбам калійнай і каменнай солі. «Маладосць». // Бязмежны. Невычарпальныя магчымасці. □ Энтузіязм камсамольцаў і моладзі быў невычарпальны. «Звязда».
невычэ́рпнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць невычэрпнага.
невычэ́рпны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і невычарпальны. «Чорнае балота» стане невычэрпнай крыніцай даходу. Грамовіч. Слова! Яно неабсяжнае, як сусвет, невычэрпнае, як акіян. Юрэвіч.
невядо́ма, безас. у знач. вык.
Няма звестак аб кім‑, чым‑н. Дзе .. [Валодзя], што з ім — невядома ўжо тры дні. Васілеўская. На што.. [Пракоп Сыс] толькі спадзяваўся — невядома. Вітка.
невядо́масць, ‑і, ж.
Кніжн.
1. Уласцівасць і стан невядомага (у 1 знач.). З горкай трывогай .. [Ракуцька] падумаў аб невядомасці той будучыні, якая раней ужо здавалася яму зусім яснай. Чорны.
2. Адсутнасць звестак, ведаў аб кім‑, чым‑н. Невядомасць цягнулася трое сутак. Краўчанка. Многа было розных чутак, сумных і радасных, але ўпэўнена ніхто нічога не ведаў, і гэтая невядомасць была найвялікшай пакутай. Шамякін.
3. Сціплае, непрыкметнае існаванне. Жыць у невядомасці.