Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перахры́шчвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перахрышчваць.

перахры́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перахрысціць.

пе́рац, ‑рцу, м.

1. Трапічная расліна сямейства перцавых, а таксама яе плады ў выглядзе зярнят з горкім смакам і моцным пахам, якія ўжываюцца як прыправа. Чорны перац.

2. Агародная расліна сямейства паслёнавых, а таксама яе плады ў выглядзе струкоў, якія ўжываюцца як ежа і прыправа. Балгарскі перац. Чырвоны перац. □ — Першымі, вядома, прышкандыбаюць Мяцёлкіны, — сказала Антаніна Арцёмаўна, прымерваючыся, дзе б паставіць фаршыраваны перац. Васілёнак.

3. Парашок з высушаных пладоў гэтых раслін, які ўжываецца як прыправа.

4. перан. Разм. Пра задзірлівага, з’едлівага чалавека. «Ах, і стрэмка ты, дзядзько Яўтух! — думаў я, слухаючы ўсё гэта. — Перац!» Бялевіч.

•••

Даць (задаць) перцу гл. даць.

Падсыпаць перцу гл. падсыпаць.

У горы жыць ды з перцам есці гл. жыць.

перацадзі́ць, ‑цаджу, ‑цэдзіш, ‑цэдзіць; зак., што.

1. Працадзіць яшчэ раз або праз другую цадзілку. Перацадзіць малако.

2. Працадзіць усё, многае.

перацалава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; зак.

Пацалавацца з усімі, многімі, пацалаваць адзін другога — пра ўсіх, многіх. Як Васіль, так і Хлор з Янкам пасля благаслаўлення перш пацалаваліся з Тадосяй, потым перацалаваліся паміж сабою і выйшлі з хаты. Гартны.

перацалава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.

Пацалаваць усіх, многіх або ўсё, многае. Перацалаваць усіх родных.

перацані́ць, ‑цаню, ‑цэніш, ‑цаніць; зак.

Тое, што і пераацаніць. Перацаніў сябе хлопец. Ён не стаў лічыцца ні з чыёй думкай і лічыў сябе адзіным аўтарытэтам. «Маладосць».

пераце́рці, ператру, ператрэш, ператрэ; ператром, ператраце; пр. перацёр, ‑церла; заг. ператры; зак., што.

1. Разарваць, раздзяліць на часткі трэннем. Кола перацерла вяроўку. □ Калі добрая рыбіна возьмецца і ў час яе не выхапіць, яна можа лёску аб край палонкі перацерці. Савіцкі.

2. Тручы, мнучы, здрабніць, ператварыць у парашок, мяккую масу і пад. Перацерці тытунь. □ Замест ложкаў ці нараў у бараку ўздоўж сцяны была паслана салома. Яе збілі, перацерлі на мякіну. Якімовіч. Машыны перацерлі на грэблі сухі ў грудках торф на муку. Пташнікаў.

3. Расцерці, здрабніць што‑н. недастаткова перацёртае яшчэ раз, нанава.

4. Тручы, ачысціць ад кастрыцы ўсё, многае (пра лён, каноплі і пад.). Перацерці лён.

5. Выцерці, зрабіць чыстым або сухім усё, многае. Перацерці ўвесь посуд. □ Бабуля папрасіла суседку, і тая памыла падлогу. «А перацерці ўсё, — думае бабуля, — унучак паможа». Юрэвіч.

6. Выцерці, працерці што‑н. яшчэ раз, нанава. Перацерці талеркі сушэйшым ручніком.

пераце́рціся, ператрэцца; пр. перацёрся, ‑церлася; зак.

1. Распасціся на часткі ад трэння. Вяроўка перацерлася.

2. Здрабніцца, ператварыцца ў парашок. Пясок перацёрся на пыл.

перацёрты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перацерці.