Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разва́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад разважыць ​1.

разважа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Супастаўляючы падзеі, паняцці і пад., мысліць, рабіць вывады; меркаваць, лічыць. І раптам яны ўдвух, рэдактар і загадчык аддзела рэдакцыі, пачалі горача разважаць: хто аўтар? Хто б гэта мог напісаць такі нарыс? Грамовіч.

2. Выказваць свае думкі, меркаванні, гаварыць аб чым‑н. — Якая гаспадыня, такі і дом, — разважаў .. [Комлік], апетытна закусваючы. Карпаў. Мы разважалі пра зіму, якая яна будзе сёлета — ляжа ўжо ці пачакае, ці гэта яшчэ толькі зазімак. Ермаловіч. // (звычайна з адмоўем). Доўга і падрабязна абмяркоўваць што‑н. Стары расчуліўся да слёз, Не разважаў ён доўга, У світку ўхутаў і павёз Хутчэй дамоў малога. Смагаровіч.

разважа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разважыць ​3.

разва́жванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. разважваць — разважыць ​4.

разва́жвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да разважваць.

разва́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да разважыць ​1.

разва́жлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разважлівага; цвярозы роздум. У кожны момант .. [міліцыянеры] маглі кінуцца на злачынцаў, але разважлівасць і вопыт гаварылі што пакуль яшчэ не час. Броўка. Петрык адказаў з сталай разважлівасцю: — А чаго баяцца? Гэта толькі малыя баяцца. Якімовіч.

разва́жлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які любіць падумаць, разважыць, дзейнічае правільна і разумна. Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Маўр. — Яна [маці] жанчына разумная, разважлівая, ведае, што да чаго і як... Сачанка.

2. Які выяўляе разважлівасць, здольнасць разважаць. Гарачаму па натуры, рамантычнаму Валерыю якраз і не хапала яснага, разважлівага розуму і арганізатарскіх здольнасцей Кастуся Каліноўскага. Якімовіч. Крокі ў Сцяпана Захаравіча шырокія, цвёрдыя, гаворка разважлівая. Гурскі.

разва́жнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць разважнага; здольнасць разважаць. У разведцы .. [Слесарэнка] быў незаменны, бо ў яго характары надзвычайная храбрасць шчасліва спалучалася з разважнасцю і цвярозым разлікам. Бураўкін. І баюся спудзіць Сваёй разважнасцю і мудрасцю халоднай Вось гэта свята неслухмяных ліній [у дзіцячых малюнках], яшчэ не зведзеных ні ў якія параграфы Вучоных кніжак. Сіпакоў.

разва́жнічацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Стаць не ў меру важным.

разва́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласціва развага, роздум; разважлівы. Млынар Стэфан Вялічка, чалавек разважны, спачатку падумае, пасля скажа. «Маладосць».

2. Які змяшчае ў сабе павучанне, параду і пад. Перад ім [Рыгорам] быў малады, і яму карцела сказаць мне разважнае слова старэйшага чалавека. Адамчык.

3. Спакойны, размерны, паважны. Ішоў сваёй разважнай, нетаропкай хадой час. Васілёнак. Ідзе з вайны салдат. Ідзе разважным крокам Каторы дзень здалёк І бразгае пры боку Запасны кацялок. Вітка.

разважны́, а́я, ‑о́е.

Такі, які прадаецца на вагу. Разважны тавар.