пуце́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чыгуначных пуцей зносін. Інжынер пуцейскай службы. □ Станцыі ў Махаўцы Ёсць пуцейская казарма, пафарбаваная ў жоўты колер — у ёй жывуць пуцявыя абходчыкі. Навуменка. Наколькі я разумею і разбіраюся ў пуцейскіх справах, дык мы доўга стаяць тут не будзем. С. Александровіч.
пуцепагру́зчык, ‑а, м.
Спец. Самаходная чыгуначная платформе, якая служыць для пагрузкі сабраных звёнаў чыгуначных рэек.
пуцепад’ёмнік, ‑а, м.
Спец. Перасоўная машына або спецыяльнае ўстройства для пад’ёму рэйкашпальнай рашоткі пры рамонце чыгуначнай ці трамвайнай каляі.
пуцеправо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Мост, які праходзіць над дарогай або скрыжаваннем дарог. Бетонная стужка дарогі доўга нырала пад мастамі і пуцеправодамі, пакуль не схавалася ў густых зарасніках акацый. «Маладосць».
пуцеўкла́дачны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для пуцеўкладкі. Пуцеўкладачная машына.
пуцеўкла́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
Укладка рэйкавага пуці.
пуцеўкла́дчык, ‑а, м.
Машына для ўкладкі і зняцця рэек.
пуцёўка, ‑і, ДМ ‑цёўцы; Р мн. ‑цёвак; ж.
1. Афіцыйнае пасведчанне, якое выдаецца асобе пры накіраванні куды‑н. (у санаторый, дом адпачынку, новабудоўлю і пад.). Турысцкая пуцёўка. Камсамольская пуцёўка. □ У чэрвені, пасля здачы экзаменаў, Косця атрымаў пуцёўку на курорт і паехаў на Чарнаморскае ўзбярэжжа. Карпюк.
2. Лісток у вадзіцеляў транспарту, у якім указваецца маршрут і заданне. Якаў паказаў пуцёўку, потым шафёрскае пасведчанне. Кулакоўскі.
•••
Пуцёўка ў жыццё — а) веды, навыкі і пад., якія даюць магчымасць займацца працоўнай дзейнасцю; б) тое, што сведчыць аб прыгоднасці чаго‑н. да выкарыстання. Вылепіўшы і адштукаваўшы фігуры і пешкі, Іван Сарока афарбоўваў іх у адпаведныя колеры, і тады ўжо выраб атрымліваў пуцёўку ў жыццё. Колас.
пуці́на, ‑ы, ж.
1. Спец. Сезон масавай лоўлі рыбы. Зімовая пуціна. □ Адкрытая вада, навігацыя, лоўля рыбы з адкрытай вады — для рыбака змяшчаецца ў адным ёмкім слове — пуціна. «Маладосць».
2. Паэт. Тое, што і пуцявіна. Люблю, не знаючы пуціны, Ісці праз лес, балота, гаць, Мінаць квяцістыя нізіны, Пад грушай ў полі спачываць. Жылка. Усе гэтыя мучанікі за праўду выклікалі здзіўленне і глыбокае спачуванне і з непераможнаю сілаю хілілі на тую цярністую пуціну пакуты, па якой ішлі яны. Колас. Кожны з вядучых пісьменнікаў ішоў тут — у залежнасці ад уласнага таленту — рознымі пуцінамі. Лойка.
пуці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Сорт яблыні, якая дае зялёныя кісла-салодкія яблыкі.
2. Плод гэтай яблыні. [Дзядзька Юстын] частуе мяне яблыкамі — ядранай сакавітай пуцінкай са свайго прысядзібнага саду. Сачанка.