непрыго́днасць, ‑і, ж.
Якасць і стан непрыгоднага; нягоднасць. Уся сетка грунтавых дарог была прыведзена ў непрыгоднасць. В. Вольскі.
непрыго́дны, ‑ая, ‑ае.
Такі, які не мае неабходных якасцей, не падыходзіць для чаго‑н.; нягодны. — Ты не думай, што я да нічога непрыгодны, — некалькі з папрокам прамовіў Ян. Пестрак. Радавы стралковага палка Ігнат Семяніцкі быў прызнаны непрыгодным для вайсковай службы і адпушчаны дадому. Палтаран.
непрыго́жа,
1. Прысл. да непрыгожы.
2. у знач. вык. Нядобра, заганна. [Коркія:] — Што ж ты не вітаешся са старэйшымі? Гэта непрыгожа! Самуйлёнак.
непрыго́жасць, ‑і, ж.
Уласцівасць непрыгожага (у 1 знач.).
непрыго́жы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не мае гармоніі ў сваіх абрысах, афарбоўцы; пазбаўлены прыгажосці. Непрыгожы дом. Непрыгожая тканіна. // Непрыемны па свайму гучанню (пра голас, музыку, гукі і пад.). Непрыгожы голас.
2. Які мае непрывабную знешнасць (пра чалавека). Зрэшты, фройляйн была худая, плоская, недарэчна высокая, непрыгожая з твару. Брыль. І назваць.. [Эльзу] непрыгожай нельга. Толькі прыгажосць яе непрывабная, чужая. Чарнышэвіч.
3. Заганны, несумленны, нядобры. Непрыгожы ўчынак. Непрыгожая гісторыя.
непрыда́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан непрыдатнага; непрыгоднасць.
непрыда́тны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і непрыгодны. Палавіна .. [зямлянак] выглядала непрыдатнымі да жылля — без нар, з праваламі ў стрэхах-насыпах. Пестрак. Меліяратары загацілі рэчку на забалочаных непрыдатных землях, дзякуючы чаму ўзровень вады невялікай сажалкі падымецца на два метры. «Звязда».
непрые́мна,
1. Прысл. да непрыемны.
2. безас. у знач. вык. Аб пачуцці незадаволенасць засмучэння, прыкрасці, якое адчувае хто‑н. Непрыемна было на душы ў брыгадзіра. Кавалёў. Капала з лісцяў, і, калі кропля пападала за каўнер, было непрыемна. Гурскі. Базыль нічога не адказаў — яму было непрыемна, што пра яго сварку з бацькам ужо ведаюць. Сачанка.
непрые́мнасць, ‑і, ж.
1. Пачуццё нездавальнення, прыкрасці і пад. Ад непрыемнасці.. [Язэп] моршчыў губы, адварочваў нос. Бядуля. Непрыемнасць асталася ў Алесі ад.. гаворкі з [Рыгорам]. Скрыган.
2. Непрыемнае здарэнне, паведамленне і пад. Непрыемнасці часта налягаюць на цябе найбольш, з таго боку, адкуль іх не чакаеш. Паслядовіч. Я быў упэўнены, што мяне абавязкова чакае нейкая чарговая непрыемнасць. Ляўданскі.
непрые́мны, ‑ая, ‑ае.
Які не падабаецца сваімі якасцямі, уласцівасцямі і пад. Непрыемны голас. Непрыемны пах. □ Сярод лесу сыпала дробная, як увосень, халодная непрыемная імжа. Мяжэвіч. // Які выклікае нездавальненне, прыкрасць, засмучэнне. Крушынскі быў выбіты з каляі рознымі непрыемнымі весткамі. Бядуля. // Які выклікае хваляванне, парушае спакой. Усю ноч не спала Таня. Непрыемныя думкі адбіралі яе спакой. Гроднеў.