Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гарэ́злівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць гарэзлівага. У гэтых вачах не было ўжо ранейшай гарэзлівасці, яны пазіралі неяк разгублена, спалохана. Навуменка. [Алімпа] трошачкі выпіла, і ва ўсім пачала праяўляцца ранейшая бесклапотная дзявочая гарэзлівасць. Сабаленка.

гарэ́злівы, ‑ая, ‑ае.

Вясёлы, жвавы, непаседлівы. Ева расла не па гадах бойкай, гарэзлівай дзяўчынкай. Асіпенка. // Гуллівы, хітраваты. Маня была не падобна да сястры: у яе шэрых вачах блукаў вясёлы, гарэзлівы агеньчык. Колас. Дзяўчына звонка засмяялася і паглядзела па Юрку сваімі гарэзлівымі вачамі. Навуменка.

гарэ́знасць, ‑і, ж.

Тое, што і гарэзлівасць. [Паходня] бачыў у .. [вачах] дакор, то вось такую, як цяпер, хітрынку, то дзявочую гарэзнасць. Хадкевіч.

гарэ́знік, ‑а, м.

Тое, што і гарэза. Цяпер у гэтым сталым, шыракаплечым чалавеку.. ніхто не пазнаў бы ранейшага віхрастага хлапчука, непаседу і гарэзніка. Шахавец.

гарэ́зніца, ‑ы, ж.

Жан. да гарэзнік.

гарэ́знічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і гарэзаваць. Не было ўжо ў Андрэя з Марынай тых лёгкіх адносін, калі можна абодвум гарэзнічаць, жартаваць і ніколі не бянтэжыцца пры гэтым. Шахавец.

гарэ́зны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і гарэзлівы. Вясёлыя і гарэзныя птушкі ўсё часцей распачынаюць між сабою шумныя заўзятыя бойкі. В. Вольскі. Гарэзныя агеньчыкі, якія так любіла Валя, замільгалі ў блакітных вачах Гусаковіча. Паслядовіч.

гарэ́лачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гарэлкі ​2. Гарэлачны пах.

гарэ́ліца, ‑ы, ж.

Нар.-паэт. Гарэлка ​2. Піце гарэліцу, госцейкі, піце, Слаўную Ганначку нашу любіце. Першай з брыгадай яна ўставала, Першай на поле ішла, працавала. Танк.

гарэ́лішча, ‑а, н.

Тое, што і пажарышча. // Выгаралае месца ў лесе. Аматары.. ідуць са сваімі кошыкамі збіраць смаржкі. Гэта першыя грыбы нашых лясоў, якія растуць на пагорках, гарэлішчах. «Беларусь».