Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перахаце́ць, ‑хачу, ‑хочаш, ‑хоча; зак., чаго або з інф.

Перастаць хацець чаго‑н., страціць жаданне рабіць што‑н.; расхацець. Перахацець есці. Перахацець купацца. Перахацець вады.

перахва́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перахваліць.

перахвалі́ць, ‑хвалю, ‑хваліш, ‑хваліць; зак., каго-што.

1. Пахваліць больш, чым трэба, вельмі расхваліць. Перахваліць вучня. □ [Антановіч:] — Вы занадта перахвалілі мой першы опус. Другія крытыкі могуць загнуць зусім у другі бок. Дамашэвіч.

2. Пахваліць, расхваліць усіх, многіх.

перахва́льванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. перахвальваць — перахваліць.

перахва́львацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перахвальваць.

перахва́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перахваліць.

перахвалява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. Перажыць моцнае хваляванне, моцна ўсхвалявацца. [Барыс:] — Я столькі перадумаў, столькі перахваляваўся за гэтыя гады. Пальчэўскі. [Святлана] так с’гамілася, так перахвалявалася, бедная, што ледзь трымалася на нагах. Кулакоўскі.

2. Перастаць хвалявацца. Антон ужо неяк перахваляваўся, адагнаў усе сумненні і пайшоў да Наталлі з думкай, што зараз убачыць яе. Ракітны.

3. Пахвалявацца — пра ўсіх, многіх.

перахвалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго.

1. Моцна ўсхваляваць.

2. Усхваляваць усіх, многіх.

перахварэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.; на што і без дап.

1. Перанесці якую‑н. хваробу. Перахварэўшы ў маленстве на адзёр,.. [Галена] пасля нават і не кашлянула ніколі. Чорны. Не будучы на моры, я перахварэў на марскую хваробу. Дуброўскі. [Маша:] — Няўжо і сёння Маруся не прыедзе? Мусіць, сесію здае. Перахварэла, адстала з вучобай. Мыслівец.

2. Адхварэць — пра ўсіх, многіх. Перахварэлі ўсе дзеці.

перахваста́ць, ‑хвашчу, ‑хвошчаш, ‑хвошча; зак.

Разм.

1. каго. Адхвастаць, выхвастаць усіх, многіх. Ён .. перахвастаў за сваю цівунскую службу розгамі і бізунамі сотні прыгонных. Якімовіч.

2. што. Пабіць, пахвастаць усё, многае. Перахвастаць усе міскі.