Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пухлі́на, ‑ы, ж.

Хваравітае ўздуцце тканак арганізма. Недагледжаная рана гнаілася, вакол яе распаўзлася чырвоная пухліна. Арабей. Пухліна пайшла ад капытоў скрозь па нагах. Чорны. // Ненармальнае разрастанне тканкі якога‑н. органа. Дабраякасная пухліна. Злаякасная пухліна.

пухлі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пухліны. Пухлінны працэс. Пухліннае захворванне. Пухлінныя клеткі.

пу́хлы, ‑ая, ‑ае.

Поўны, круглявы, мяккі. Ісаю падабаўся гэты высокі, спакойны, маўклівы хлопец з дзіцячымі пухлымі губамі. Новікаў. Іна прыклала ружовую пухлую руку да.. [Змітравага] лба. Ваданосаў. Старая палатняная кашулька задралася, агаліўшы.. [Косцікава] пухлае ружовае цела. Васілевіч. // Мяккі, рыхлы. І чыстым золатам зярняты лажацца ў пухлую зямлю. Машара. // Тоўсты, аб’ёмісты. І сёння ў пухлым сямейным альбоме захоўваецца пажоўклы фотаздымак. Васілевіч.

пухля́вы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пухлы. Яшчэ з парога.. [гаспадыня] ветліва прывіталася, несучы на пухлявых губах прыемную ўсмешку, уласцівую толькі жанчынам. Колас.

пухна́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Пушысты, мяккі, быццам з пуху. Узбоч пыльных гасцінцаў цвілі рамонкі, сям-там ківалі пухнатымі галоўкамі, бы кланяліся зямлі, васількі. Сачанка. [Хлопчык] бег, мякка махаў ручкамі — калашмаценькі ў шырокіх сваіх веснавых штоніках і ў пухнатай шапачцы. Скрыган.

2. Поўны, пухлы. [Віця] радасна смяяўся, зморшчыўшы свой пухнаты тварык. Шамякін.

пу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пух, ‑ла; незак.

Пакрывацца пухлінай; распухаць. Пухнуць ад голаду. □ Дзяўчынка ўстала, схапілася рукою за нос і тут адчула, што ён пачаў пухнуць. Арабей. // Разм. Павялічвацца ў аб’ёме; разбухаць. Такая тут была трывога. Вуглы счышчалі да нічога І збіралі ўсё да ніткі. Падводы пухлі ўвачавідкі. Колас.

пухо́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены з пуху або напханы пухам. Пуховая падушка. □ На будоўлі кожны дзень з’яўлялася сціплая невысокая жанчына ў гумовых ботах і ў цёплай пуховай хустцы. Грахоўскі. // Такі, як пух; які нагадвае пух. Быў на дзіва ясны дзень, пякло сонца, а неба — сіняе, і толькі дзе-нідзе з’яўляліся невялікія пуховыя хмаркі. Гурскі.

2. Які дае пух. Пуховыя пароды коз.

пухо́ўка 1, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.

1. Пучок мяккіх, пушыстых валокнаў, які ужываецца для пудрання.

2. Разм. Пуховая шапка. А я глядзеў на яе — знізу ўверх — на маленькія спартыўныя бацінкі,.. на румяны, атулены белай пухоўкай, твар... Брыль.

пухо́ўка 2, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.

1. Тое, што і рагоз.

2. Тое, што і порхаўка.

пуцеабхо́дчык, ‑а, м.

Рабочы, які сочыць за спраўнасцю чыгуначных пуцей; пуцявы абходчык.

пуце́ец, ‑цейца, м.

Работнік чыгункі; чыгуначнік. На станцыі было зусім цёмна, толькі ліхтары пуцейцаў сяды-тады мільгалі на чыгуначным палатне. Кулакоўскі. Побач пуцейцы мяняюць падпаленыя жужалем шпалы. Навуменка.