перава́бліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перавабіць.
перава́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.
1. Асаблівасць, якая выгадна адрознівае каго‑, што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Пачуццё ўласнай перавагі. Маральная перавага. Колькасная перавага. □ У нас была перавага над ворагам — мы зноў сталі на лыжы. Шамякін. Ёсць адна дзіўная перавага ў старых гаспадынь. Яны вельмі хутка накрываюць стол. Броўка. // Выгада, карысць. Лішні раз .. [людзі] пераканаліся, якую перавагу дае дружны агульны наступ. Маўр.
2. Выключнае права на што‑н., прывілея. Царскі ўрад, праводзячы дыктатуру памешчыкаў-прыгоннікаў, .. [даў] памешчыкам усе правы і перавагі, а ўсе абавязкі ўсклаў на сялян. Лушчыцкі.
•••
Аддаць перавагу каму-чаму гл. аддаць.
перавадзі́ць, ‑ваджу, ‑водзіш, ‑водзіць; зак., каго.
Разм. Водзячы за сабой, прымусіць усіх, многіх пабываць дзе‑н.
перава́жаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пераважыць (у 1, 2 знач.).
пераважа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Мець перавагу ў чым‑н.; займаць пануючае становішча. Як ні многа стралялі, як ні многа было вакол свінцу, сталі і пораху, але пах лісця пераважаў, нішто не магло заглушыць гэтага цёплага, прэлага водару вільготнай асенняй зямлі. Шамякін. Тут пераважаюць сосны, але густа расце і ядловец, і маладыя дудкі, і арэшнік. В. Вольскі. У дарэвалюцыйнай беларускай літаратуры пераважала паэзія і драматургія. Пшыркоў.
пераважа́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад пераважаць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Найбольш пашыраны, распаўсюджаны; асноўны, пануючы. Пераважаючым у беларускай арфаграфіі з’яўляецца фанетычны прынцып пісьма. Юргелевіч. Крытычны рэалізм заваёўваў пазіцыі пераважаючага напрамку ў літаратуры. Казека.
3. Дзеепрысл. незак. ад пераважаць.
перава́жванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. пераважваць — пераважыць (у 1, 2 знач.).
перава́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да пераважыцца.
2. Зал. да пераважваць.
перава́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пераважыць.
перава́жна, прысл.
Галоўным чынам, у большасці. Усю працу каля дому і ў хаце вяла пераважна маці. Глебка. Лес быў пераважна хваёвы — сасна, елка, піхта. Шамякін.