Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

перахо́ўваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перахаваць ​1.

перахо́ўваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перахаваць ​2 (у 1 знач.).

перахрысці́цца, ‑хрышчуся, ‑хрысцішся, ‑хрысціцца; зак.

1. Зрабіць рукой знак крыжа над сабой. Старая паляшучка, знахарка Мар’я, набожна перахрысцілася, падняўшы вочы на абраз. Колас. Каля развілкі на вёску.. стары зняў шапку і перахрысціўся. Бажко.

2. Ахрысціцца занава пры пераходзе ў іншую хрысціянскую веру. — А ёсць у нас і свае цыганы — Сулімы. Калісьці іх дзед ці прадзед перахрысціўся ў нашу веру, купіў зямлю. Жычка.

перахрысці́ць, ‑хрышчу, ‑хрысціш, ‑хрысціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць рукой знак крыжа над кім‑, чым‑н. Андрэй нахіліўся над бацькам. Стары перахрысціў яго тры разы, абняў за шыю і пацалаваў. Чарнышэвіч.

2. Выканаць абрад хрышчэння, ахрысціць. Ну, бацюшка перахрысціў малога, пачалі дамаўляцца наконт платы. Кірэйчык. Пайшоў дзед да папа, каб сына перахрысціў. Якімовіч.

3. Ахрысціць пры пераходзе ў іншую хрысціянскую веру.

4. Разм. Даць новае імя, назву, мянушку. Макар Міхайлавіч чалавек высокага росту, шыракаплечы. Калі ён быў маладзейшы, у гаражы неяк яго перахрысцілі на Паўтара Макара. Мяжэвіч.

5. Разм. Вельмі моцна ўдарыць каго‑н. Перахрысціць бізуном.

перахры́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад перахрысціць.

перахры́шчвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да перахрышчваць.

перахры́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да перахрысціць.

пе́рац, ‑рцу, м.

1. Трапічная расліна сямейства перцавых, а таксама яе плады ў выглядзе зярнят з горкім смакам і моцным пахам, якія ўжываюцца як прыправа. Чорны перац.

2. Агародная расліна сямейства паслёнавых, а таксама яе плады ў выглядзе струкоў, якія ўжываюцца як ежа і прыправа. Балгарскі перац. Чырвоны перац. □ — Першымі, вядома, прышкандыбаюць Мяцёлкіны, — сказала Антаніна Арцёмаўна, прымерваючыся, дзе б паставіць фаршыраваны перац. Васілёнак.

3. Парашок з высушаных пладоў гэтых раслін, які ўжываецца як прыправа.

4. перан. Разм. Пра задзірлівага, з’едлівага чалавека. «Ах, і стрэмка ты, дзядзько Яўтух! — думаў я, слухаючы ўсё гэта. — Перац!» Бялевіч.

•••

Даць (задаць) перцу гл. даць.

Падсыпаць перцу гл. падсыпаць.

У горы жыць ды з перцам есці гл. жыць.

перацадзі́ць, ‑цаджу, ‑цэдзіш, ‑цэдзіць; зак., што.

1. Працадзіць яшчэ раз або праз другую цадзілку. Перацадзіць малако.

2. Працадзіць усё, многае.

перацалава́цца, ‑луюся, ‑луешся, ‑луецца; зак.

Пацалавацца з усімі, многімі, пацалаваць адзін другога — пра ўсіх, многіх. Як Васіль, так і Хлор з Янкам пасля благаслаўлення перш пацалаваліся з Тадосяй, потым перацалаваліся паміж сабою і выйшлі з хаты. Гартны.

перацалава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.

Пацалаваць усіх, многіх або ўсё, многае. Перацалаваць усіх родных.