перафразава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.
Змяніць (змяняць) форму падачы чыіх‑н. слоў, выслоўяў, фраз і пад. Перафразаваць прыказку. Перафразаваць словы прыпеўкі.
перафразо́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да перафразоўваць.
перафразо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перафразаваць.
перафразо́ўка, ‑і, ДМ ‑зоўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. перафразоўваць — перафразаваць.
2. Тое, што перафразавана, перафразаваныя словы, выразы і пад.
перахава́ны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перахаваць 1.
перахава́ны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад перахаваць 2.
перахава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Схавацца ў другім месцы.
2. Хаваючыся, перабыць, перажыць якія‑н. небяспечныя падзеі. Тыя некалькі тыдняў, пакуль немцы не занялі Млынок, .. [шылахвост] перахаваўся ў лесе. Сачанка. [Старая:] — Лепш пераседзь, перахавайся, пакуль гэта ліха пройдзе. Грахоўскі.
перахава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Схаваць у іншым месцы. Перахаваць грошы ў больш надзейнае месца. □ [Рыгор:] — Твой пашпарт ляжыць у паштовай скрынцы... На вашых дзвярах... Калі бацька не перахаваў да гэтага часу... Арабей.
2. Хаваючы, зберагчы, не даць загінуць. [Іван Пракопавіч:] — Перахаваем вінтоўкі, а людзі знойдуцца. Навуменка. Некалькі разоў давалі .. [Мані] невялікія даручэнні: раскідаць лістоўкі, занесці ва ўмоўленае месца яду падпольшчыкам, перахаваць колькі дзён патрэбнага чалавека. Місько.
3. Схаваць, пахаваць усё, многае.
перахава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
1. Выкапаўшы з магілы, пахаваць нябожчыка ў другім месцы. Зося ведала, што могілкі перакананы. Яны пераносяцца ў іншае месца, і людзям дазволена перахаваць сваіх блізкіх... Прокша.
2. Пахаваць усіх, многіх.
перахадзі́ць, ‑хаджу, ‑ходзіш, ‑ходзіць; зак.
1. што. Перабыць якую‑н. пару, ходзячы ў чым‑н. або як‑н. Перахадзіць зіму ў асеннім паліто.
2. чым. У гульнях — пайсці іначай, перамяніць ход. Перахадзіць пешкай.
3. што. Разм. Перанесці хваробу на нагах. Перахадзіць грып.
4. Разм. Пахадзіць цяжарнай звыш тэрміну.
5. што і без дап. Прайсці, абысці ўсё або многа чаго‑н. Колькі я перахадзіў за год! Усе дарогі ў наваколлі перахадзіў.
перахаладзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑ладзіць; зак., што.
Вельмі ахаладзіць што‑н. Перахаладзіць цела.
перахало́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перахаладзіць.