Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

старада́ўні, ‑яя, ‑яе.

1. Які існуе з далёкіх часоў, захаваўся ад далёкага мінулага. Старадаўні звычай. Старадаўні гатычны сабор. Старадаўняя манета. □ Нам асвятлялі Шлях да перамогі Пяць зорак Старадаўняга Крамля. Астрэйка. // Які існаваў у далёкія, старыя часы, быў характэрны для мінуўшчыны. Паміж шафай і сцяной стаяў нізкі, старадаўняй работы стэлаж, на дзвюх паліцах якога блішчалі фальгой і золатам кнігі. Чыгрынаў.

2. Вельмі стары. Старадаўнія ліпы. □ Вузкаю палоскаю На краі нябёс Лёг за нашай вёскаю Старадаўні лес. Глебка.

старадзе́даўскі, ‑ая, ‑ае.

Які захаваўся ад дзядоў, продкаў, такі, які быў пры іх. Старадзедаўскія запаветы.

старадру́к, ‑а, м.

Старадрукаваныя кнігі. Як ён [Багдановіч] хацеў .. дакрануцца да пажаўцелых старонак тваіх старадрукаў! Клышка. У параўнанні з рукапісамі і старадрукамі папярэдняга [16–17 стст.] перыяду ў пазнейшых друкаваных кнігах літара «і» ужываецца больш паслядоўна. Булыка.

старадрукава́ны, ‑ая, ‑ае.

Надрукаваны да выпраўлення кніг для набажэнства ў другой палове 17 ст. Большая частка беларускіх пісьмовых помнікаў .. у выглядзе адзінкавых рукапісных ці старадрукаваных экземпляраў захоўваецца ў розных кнігасховішчах свету. Жураўскі.

старадрэ́віна, ‑ы, ж.

Разм. Старое, звычайна сухое дрэва. Вогненная паводка злізвала на сваім шляху адвечны буралом, агонь забіраўся ў дуплы старадрэвін і праз дзіркі вырываўся адтуль вострымі языкамі. Пальчэўскі.

стараду́бка, ‑і, ДМ ‑бцы, ж.

Народная назва некаторых відаў пакрытанасенных раслін сямейства казяльцовых і гарычкавых.

старажава́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. старажаваць.

старажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; незак.

Разм.

1. Выконваць абавязкі стоража. — Даўно старажуеш тут? — запытаў Лабановіч. — Да ўжо, мусіць, чацвёрты год, — адказаў стораж. Колас.

2. каго-што. Вартаваць каго‑, што‑н., пільнаваць каго‑, што‑н. «Прыпушчу, думаю, на часінку [пасвіцца каня], не канешне ж Лаўрэну цягнуцца тут, у яго вунь якія абшары старажаваць». Якімовіч.

старажавы́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Прызначаны для назірання, вартавы; які з’яўляецца месцам для стоража. Старажавы катэр. Старажавы пост.

старажо́к, ‑жка, м.

Прыстасаванне, якое прыводзіць у дзеянне механізм пасткі.