путчы́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да путчу.
пуф, ‑а, м.
Нізкая табурэтка з мяккім (звычайна круглым) сядзеннем. Кібрык прайшоўся па пакоі, памацаў фарфоравую фігурку, што стаяла на палічцы, потым з незалежным выглядам сеў на пуф да піяніна. Шыцік.
[Фр. pouf.]
пух 1, ‑у, м.
Вельмі дробныя, мяккія, тонкія валаскі на целе птушак, жывёл. Гусіны пух. Казіны пух. □ Праз некаторы час бераг пакрыўся пер’ем, як снегам, а пух насіўся воблакам. Маўр. // Мяккія кароткія валасы на твары, шыі, галаве чалавека. Тварам дзіцё горкае, белы пух пад носам, затое ў плячах ды ростам — рэдкі мужчына зраўняецца. Карамазаў. // Валаскі на насенні раслін, на паверхні сцябла або ліста. Брыгада, як адна сям’я, ішла па завадскім двары, любуючыся мяцеліцай тапалінага пуху. Шамякін. Пальчыкі згарнуліся ў кулачок, ад кволай кветкі засталося ў ім трошкі пуху. Брыль.
•••
Ні пуху ні пер’я! — нежаданне удачы, поспеху.
У пух і прах — зусім, канчаткова (разбіць, разнесці і пад.).
пух 2, выкл.
Разм. Слова, якое перадае гук стрэлу або падобны на яго.
пухаві́к, ‑а, м.
Пуховая пярына. А Раіса старалася. Як яна ўзбівала падушкі, пухавікі, каб Сашу было мякка спаць, як, не шкадуючы, выкідвала з камода новыя просціны, коўдру, каб пасцель была свежай і чыстай! Навуменка.
пухае́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Бяскрылае насякомае-паразіт, якое корміцца пухам і валасамі, паразітуючы на птушках, радзей на іншых жывёлах.
пухі́р, ‑а, м.
1. Балючае ўздуцце скуры (ад апёку, трэння, укусу і пад.). На далонях ускочылі і палопаліся вадзяныя пухіры. Грахоўскі. [Мароз:] — Не быў жа я такі, не было ў мяне гэтай мяшчанскай далікатнай скуры, на якой ад дотыку крапівы ўсхопліваюцца пухіры. Лобан.
2. Тое, што і пузыр (у 1 знач.). Пачуць ён хоча голас мужны, Махнуць рукой на цёмны вір, Бо ў ім ты — бурбалка-пухір, Пакуль пануе звон ланцужны. Колас. Хваля.. разбіваецца з шумам, уся ў белых пухірах, якія растаюць у момант, і цяпер там, дзе былі яны, блакітны вір вады. М. Стральцоў.
пухі́рысты, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты пухірамі, з пухірамі; пузырысты.
пу́хкі, ‑ая, ‑ае.
1. Мяккі, лёгкі, пушысты. Пухкая падушка. □ [Снег] ападаў на зямлю белай і пухкай коўдрай, дзе-нідзе між кустоў насыпаў гурбы. Гроднеў. [Юзік] падаўся назад, зачапіўся за нешта і мякка сеў у пухкі пясок. Адамчык.
2. Тое, што і пухлы. Пухкія, падобныя да дзіцячых, вусны задрыжалі ад крыўды. Мележ.
пухлава́ты, ‑ая, ‑ае.
Трохі, злёгку пухлы. Пухлаватыя рукі. □ Акінуўшы позіркам крыху дзіцячы выраз твару паэта з добрымі, даверлівымі вачыма і пухлаватымі вуснамі, цяжка было даць веры, што перад табой умелы канспіратар. Лужанін.