Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́сах, ‑а, м.

Доўгі кій, на які апіраюцца пры хадзьбе. // Жазло ў свяшчэннаслужыцеляў.

по́свіст, ‑у, М ‑свісце, м.

Асобая манера свісту; свіст. Ты чуеш посвіст? Гэта клічуць сябры нас. Машара. Рэдка калі пачуеш тут дапытлівы цокат вавёркі, вясёлы посвіст сініцы. Паслядовіч. // Пра свісцячыя гукі, якія суправаджаюць хуткі рух чаго‑н. У паветры не сціхаў посвіст куль, а неўзабаве пачулася яшчэ і выццё мін. М. Ткачоў.

по́седам, прысл.

У выразе: поседам сядзець гл. сядзець.

по́скудзь, ‑і, ж.

Разм. пагард. Пра каго‑н. агіднага, паскуднага або пра што‑н. агіднае, паскуднае. Даміра падышоў зусім блізка, адштурхнуў Канькова, працадзіўшы скрозь зубы: — Ты вось што, на маёй дарозе не стой. Думаў, чалавек ты, аж не,.. поскудзь. Асіпенка. Самагонная поскудзь борзда разлілася па .. [Саўкавых] жылах, стукнула ў галаву. Колас.

по́сле, прысл. і прыназ.

Тое, што і пасля.

по́слух, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Пакорнасць, паслушэнства. Байцы ж нашыя — героі, Ты не знойдзеш гэткіх армій.., Што за послух у казарме! Купала.

2. ‑у. Абавязак, ускладзены на кожнага манаха або паслушніка ў манастыры.

3. ‑у. Чутка, пагалоска. Можа, таму і пусцілі па вёсцы нядобразычлівыя языкі послух, што, вядома ж, Дарафей — нейкі бязладны. Даніленка.

4. ‑а. Гіст. Сведка на судзе ў Старажытнай Русі.

по́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць поснага.

по́снік, ‑а, м.

Той, хто строга прытрымліваецца посту.

по́сніца, ‑ы, ж.

1. Жан. да поснік.

2. Разм. Нішчымніца. — Няма, дачушка, Падласкі, няма і малачка. Посніца цяпер будзе ў нас. Пальчэўскі.

по́сніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да посніцтва, да посніка.