Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

непрацаздо́льны, ‑ая, ‑ае.

Няздольны да працы (па ўзросту, хваробе і пад.). Непрацаздольны чалавек.

непраціўле́нец, ‑нца, м.

Разм. Паслядоўнік вучэння Л.М. Талстога аб непраціўленні злу насіллем.

непраціўле́нне, ‑я, н.

У выразе: непраціўленне злу насіллем — рэлігійна-філасофскае вучэнне Л.М. Талстога аб пераадоленні зла шляхам пасіўнага, пакорнага прыняцця яго.

непраціўле́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да непраціўленства. Непраціўленскія погляды.

непрацо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не належыць да ліку працоўных; эксплуататарскі.

2. Які набываецца шляхам выкарыстання чужой працы. Непрацоўныя даходы.

непраця́гласць, ‑і, ж.

Уласцівасць непрацяглага; кароткачасовасць.

непраця́глы, ‑ая, ‑ае.

Які цягнецца нядоўга; кароткачасовы. Радасць была непрацяглай. □ Праз непрацяглы час П.П. Барысаў перадаў мне пісьмо ад Э.Л. Войніч на англійскай мове. Новікаў.

непрыбра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не прыведзены ў парадак. Непрыбранае пасцель. □ Галава .. была схілена, сонца паблісквала ў шаўкавістых валасах, пасма якіх, непрыбраная, звешвалася на лоб. Мележ.

2. Не сабраны, не звезены ў адно месца. Па некаторых загонах з мінулага года валяўся непрыбраны ператлелы бульбоўнік. Мележ. Яркім вогнішчам успыхвае куча непрыбранага ламачча. Гавеман.

непрыва́бнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць непрывабнага; адсутнасць прывабнасці.

непрыва́бны, ‑ая, ‑ае.

Пазбаўлены прывабнасці. [Маня] сціснулася, сагнулася, і постаць яе стала непрывабная. Чорны. У пачатку мая зацвілі местачковыя сады, закрылі шэрыя непрывабныя сцены старых драўляных будынкаў белай квеценню. Нядзведскі.