Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

недарма́, прысл.

1. Не без падставы, не без прычыны. Гарматныя стрэлы пачуліся спачатку не з захаду, адкуль наступаў вораг, а з паўночнага ўсходу, з пушчы... Камандзір недарма прадчуваў небяспеку. Брыль.

2. Не дарэмна. — Прадзеш, мая дачушка? — лагодна, з матчынай любасцю звярнулася .. [маці] да Алесі.. Алеся ўсміхнулася матцы, — яна ўжо ў хаце недарма есць бацькаў хлеб. Колас.

недаро́бка, ‑і, ДМ ‑робцы; Р мн. ‑робак; ж.

Незакончанасць, незавершанасць якой‑н. працы, справы. Лукашу не было часу адпачываць. Нядаўна пабудаваў новую хату, трэба канчаць розныя недаробкі: зашкліць ганак, пабяліць печы. Чарнышэвіч.

недаро́бленасць, ‑і, ж.

Стан недаробленага; незавершанасць, незакончанасць. На ўсім ляжала пячаць нядбаласці і нейкай недаробленасці. Колас.

недаро́блены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад недарабіць.

2. у знач. прым. Незакончаны, незавершаны. Недароблены мост. □ Пры перапрацоўцы [аповесці] я паставіў сабе задачай: даць больш глыбокі паказ арганізуючай ролі рабочага класа і партыі ў справе калектывізацыі, пазбавіць аповесць па магчымасці ад слабых, схематычных, недаробленых месц. Галавач.

недаро́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Неўраджай. З даўніх гадоў ведаў .. [Азяўчыкаў]: жаўцее ўвосень жыта — пераканаўчая прыкмета недароду, а за ім усе беды селяніна. Дуброўскі.

недаро́стак, ‑тка, м.

1. Чалавек, які не дасягнуў паўналецця; падлетак. Сталыя мужчыны прыносілі з дому сала, курыныя яйкі і гарэлку, падшывальцы і недаросткі, якіх не бралі старэйшыя ў свой гурт, рабавалі качыныя і гусіныя гнёзды. Асіпенка.

2. Чалавек, жывёла або расліна нізкага росту. Як паехаў [унук] худым ды бледным недаросткам, такім і [назад] з’явіўся. Ракітны. Дзе-нідзе сустракаюцца бярозкі і асіны, нізенькія, прыгнечаныя сасонкі-недаросткі. В. Вольскі.

3. перан. Той, хто не дасягнуў грамадскай, інтэлектуальнай сталасці. Літаратурныя недаросткі.

недарэ́заны, ‑ая, ‑ае.

Не зусім зарэзаны.

недарэ́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑рацы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм.

1. Някемлівы, няўмелы чалавек; недалуга (у 2 знач.). [Юрку] здавалася, што ў яго нічога па-людску не выйдзе, і ён будзе выглядаць недарэкам. Карпаў. // Адсталы чалавек. Студэнт размаўляў са мной у манеры чалавека, перад якім хоць і добры вясковы хлапец, але ж .. недарэка ў параўнанні з ім, гарадскім бітым воўкам. Карпюк.

2. Тое, што і няўклюда. Апранутая ў заваляшчую сялянскую вопратку, Алімпа сапраўды мела выгляд нейкай вясковай недарэкі. Сабаленка.

3. Слабы, хваравіты, непрацаздольны чалавек; інвалід; недалуга (у 1 знач.). [Міканор:] — Паехалі.. [у Амерыку] здаровымі хлапцамі, а прыехалі адтуль хворымі, старымі недарэкамі. Бялевіч.

недарэ́чна, прысл.

1. Прысл. да недарэчны. Дом быў злеплены так недарэчна, што вокны ў ім знаходзіліся на розных узроўнях. Маўр. Час быў трывожны, і музыка гучала неяк дзіка і недарэчна. Няхай.

2. у знач. вык. Неразумна, без сэнсу. [Яўгенавы] словы не зусім спадабаліся Пракопу, хоць пярэчыць было недарэчна. Карпаў.

недарэ́чнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць недарэчнага. Раман разумеў усю недарэчнасць.. [папрокаў], але нічога іншага сказаць не мог. Чарнышэвіч.

2. Недарэчны ўчынак, думка, паводзіны і пад. У рамястве .. [Васіль] быў вельмі здатным.., а ў гаспадарскіх справах часта спатыкаўся, меў шмат усякіх промахаў і ўсякіх недарэчнасць. Кулакоўскі.