Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гаршко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Гаршка, гаршкоў, прыгодны для вырабу гаршкоў. // Вырашчаны ў гаршку. Гаршковая расада.

га́ршнеп, ‑а, м.

Невялікая балотная птушка атрада кулікоў.

[Haarschnepfe — бакас.]

гаршчо́к, ‑шка, м.

Круглая выпуклая гліняная пасудзіна са звужаным дном для гатавання стравы. Маці пачала вымаць з печы гаршкі з ядою. Дамашэвіч. Пільнуйся гаспадаркі, будуць у гаршку скваркі. Прыказка. // Прадаўгаватая гліняная пасудзіна ў выглядзе ўсечанага конуса для хатніх раслін. // Пасудзіна для мачы і спаражненняў. Начны гаршчок.

•••

Ад гаршка паўвяршка — пра недарослага, нясталага чалавека.

Заглядаць у чужы гаршчок гл. заглядаць.

Змяняць гаршкі на гліну гл. змяняць.

Не святыя гаршкі лепяць гл. святы.

Як у гаршку кіпець гл. кіпець.

гаршчо́чак і гаршчэ́чак, ‑чка, м.

Памянш. да гаршчок; маленькі гаршчок. Каля печы стаіць з вілкамі ў руках старожка, прыстаўляе гаршчочак. Колас.

гарызанта́ль, ‑і, ж.

1. Прамая лінія, паралельная плоскасці гарызонта; проціл. вертыкаль.

2. Лінія, якая злучае на карце пункты мясцовасці, размешчаныя на аднолькавай вышыні над узроўнем мора.

гарызанта́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць гарызантальнага.

гарызанта́льны, ‑ая, ‑ае.

Паралельны лініі гарызонта; перпендыкулярны вертыкальнай лініі. Гарызантальнае становішча.

гарызо́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Лінія ўяўнага судакранання неба з зямной або воднай паверхняй. Сонца агністым краем кранулася лініі гарызонта і пачало павольна тануць. Чарнышэвіч. // Небасхіл. Раптам гарызонт заззяў яркімі праменнямі сонца. Сіняўскі. // Далягляд, уся бачная навокал зямная паверхня. Як вакол глянуць, — па ўсяму гарызонту зрэдку палалі пажары. Пестрак.

2. перан. Кола ведаў, ідэй, інтарэсаў. Пашыраецца ідэйна-тэматычны гарызонт.. творчасці [пісьменніка]. Хромчанка.

3. толькі мн. (гарызо́нты, ‑аў); перан. Кола дзеянняў, магчымасцей. Шырокія гарызонты .. [Андрэю Сцяпанавічу] адкрыты шырокімі планамі пераўтварэння нашай калгаснай гаспадаркі. Бялевіч.

4. Узровень вады ў рацэ ці вадаёме. Гарызонт вады.

5. Пласт адкладанняў горных народ, які умоўна вылучаецца па якой‑н. прымеце (колеру, складу, наяўнасці руд і інш.). Дэвонскі гарызонт. Гарызонт вапняку. // Пласт глебы і падглебы, які адрозніваецца сваімі марфалагічнымі, фізічнымі і іншымі прыметамі ад вышэйшых і ніжэйшых пластоў. Верхні гарызонт глебы.

•••

Знікнуць з гарызонта гл. знікнуць.

Паказацца (з’явіцца) на гарызонце гл. паказацца.

гары́ла, ‑ы, ж.

Самая буйная чалавекападобная малпа, якая водзіцца ў экватарыяльнай Афрыцы.

гары́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць гарыстага. Гарыстасць мясцовасці.