перасту́квацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць адначасовы або папераменны часты стук (аб некалькіх прадметах). Перастукваюцца аўтаматычныя станкі. □ Мерна перастукваюцца буферамі вагоны. Сяргейчык.
2. Перагаворвацца з кім‑н. пры дапамозе ўмоўнай сістэмы стукаў. Пятро зразумеў, што арыштаваны забаўляў яго песняй для таго, каб другія, што сядзелі ў розных камерах, у гэты час маглі перастуквацца праз сцяну. Капусцін.
перасту́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да пераступаць.
2. Тое, што і перастуквацца (у 1 знач.). Колы перастуквалі на стыках.
перасту́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца.
Зак. да перастуквацца (у 2 знач.).
пераступа́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пераступаць 1 — пераступіць 1.
пераступа́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да пераступіць 1.
2. (у спалучэнні са словам «нагамі»). Ісці, рухацца. Наталля ішла вельмі доўга, не верачы, што можа пераступаць нагамі, дакранацца рукамі да халоднай белай сцяны. Скрыган. Старыя мужчыны выязджалі ціха — звыкла, цвёрда пераступаючы нагамі за коньмі. Чорны.
пераступа́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пераступіць 2.
пераступі́ць 1, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. каго-што або цераз каго-што. Ступіўшы, перайсці на другі бок чаго‑н. Пераступіць парог. Пераступіць цераз канаву. □ Усё поле было падзелена на загоны, часам такія вузкія, што курыца магла пераступіць. Гурскі.
2. Зрабіўшы крок, перамясціцца куды‑н. Пераступіць з аднае сцежкі на другую. // Не сыходзячы з месца, перамяніць становішча ног або перанесці цэнтр цяжару з аднае нагі на другую. Вадзім зірнуў на свае туфлі, нялоўка пераступіў з нагі на нагу. Асіпенка.
3. перан.; што. Парушыць, перасягнуць рубеж, мяжу чаго‑н. Пераступіць мяжу прыстойнасці. Пераступіць закон. □ Яны стаялі можа хвіліну моўчкі — блізкія і далёкія разам. Ганна раптам паспрабавала пераступіць мяжу, знарок весела, задзірыста ўсміхнулася. Мележ.
пераступі́ць 2, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.
1. што. Добраахвотна адмовіцца ад чаго‑н. на карысць другога. Пераступіць чаргу. // Ахвяраваць што‑н., чым‑н. Я лепш сваё пераступлю. □ Часам для справы трэба пераступіць свае пачуцці. Няхай.
2. Зрабіць уступку, саступіць. Маці нездаволена паглядзела на дзяўчыну і ледзь прыкметна прыжмурыла вока. «Сціхні, — гаварыў гэты яе знак, — пераступі старому». Кулакоўскі.
перасу́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Разм.
1. Паўторны суд. [Сцяпан:] А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд, добрым складам над гэтым гадам. Купала. — Што ж, схадзі ў сельсавет, Заявіся... Усё яны высветляць... — Не. З’яўлюся: адразу ж пад варту мяне, Покуль суд, перасуд той — За краты... Куляшоў.
2. звычайна мн. (перасу́ды, ‑аў). Нядобразычлівыя выказванні пра чые‑н. учынкі, словы, дзеянні; плёткі. Ты перасудаў не лякайся, Што людзі зложаць у паспех... Броўка.
перасука́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад перасукаць.
2. у знач. прым. Вельмі крута ссуканы, скручаны. Перасуканыя ніткі.
перасука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і ‑сучу, ‑сучаш, ‑суча; зак., што.
1. Ссукаць нанава, іначай.
2. Ссукаць, пасукаць усё, многае.
перасу́квацца, ‑аецца; незак.
Зал. да перасукваць.