Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскіса́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. раскісаць — раскіснуць.

раскіса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскіснуць.

раскісле́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскісляць — раскісліць.

раскіслі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Спец. Ачысціць метал, выдаліўшы з яго лішні кісларод.

раскі́слы, ‑ая, ‑ае.

1. Які раскіс, ператварыўся ў вязкае месіва. Раскіслая дарога. □ Ледзь вырываючы ногі з раскіслага глею, [Гораў] пайшоў да брамы. Караткевіч. // Набраклы, размоклы. Валодзя не сказаў нічога, адно задуменна пазіраў з-пад раскіслага, падобнага на сабачае вуха казырка. Мележ.

2. перан. Расслаблены, разамлелы. Таварыш Васіль азірнуўся, і вочы ўбачылі раскіслы, нявыспаны твар у жоўтай шчаціне няголенай барады. Пестрак. // Які страціў волю, здольнасць дзейнічаць. Дзмітрый здагадаўся, што стралку проста боязна. Хацелася пакрычаць на гэтага раскіслага здаравяка, але ўтрымаўся. Беразняк.

раскісля́льнік, ‑у, м.

Спец. Састаў, пры дапамозе якога робяць раскісленне металу.

раскісля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да раскісліць.

раскі́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. раскіс, ‑ла; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пад дзеяннем вільгаці, вады ператварыцца ў вязкае месіва. Зямля ў стэпе адразу раскісла, набіралася цэлымі пудамі на боты. Даніленка. // Набраўшыся вільгаці, размокнуць, разбухнуць. Боты раскіслі, зняць іх было цэлае мучэнне. Карпюк.

2. перан. Расслабіцца, разамлець (ад гарачыні, выпіўкі і пад.). [Незнаёмец] адразу ж раскіс ад яды і цяпла, паваліўся спаць. Асіпенка. // Страціць волю, здольнасць дзейнічаць. — Ты прабач, але ты — баязлівец і панікёр! Пакрытыкавалі — і ты раскіс. Шамякін. Першая нягода — і раскіслі. Ніякая загартоўка не памагае... Навуменка. // Паддацца залішняй чуллівасці. Калі выйшаў Гаварушка, Зіначка нават заплакала, а Захарава з аддзела кадраў праборку ёй давала: — Раскісла! Перараджэнца гэтага шкада стала? Лобан.

раскла́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. раскладаць ​1 — раскласці ​1.

2. Графік, у якім указваецца час, месца, паслядоўнасць правядзення чаго‑н. Пеця дакладна ведаў расклад усіх паяздоў і да кожнага з іх быў напагатове. Ракітны. Вучні застукалі векамі партаў, зашамацелі сшыткамі — у раскладзе значыўся ўрок па мове. Шахавец. // Парадак, распарадак чаго‑н. Лабановіч прыносіць свой расклад работы ў школе. Колас.

•••

Штатны расклад — дакумент, які вызначае склад работнікаў якой‑н. установы, прадпрыемства з указаннем іх пасад і акладаў.

расклада́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць рэчыва раскладацца ​2, быць раскладзеным ​2.