разбурча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; ‑чымся, ‑чыцеся; зак.
Разм. Пачаць моцна і доўга бурчаць. Сабака разбурчаўся. □ Да частай бурклівасці мужа яна прывыкла, але прапусціць міма вушэй яго словы аб дачцэ азначала б няўвагу, абыякавасць, а з-за гэтага Антось яшчэ больш разбурчаўся б. Хадкевіч.
разбуры́цца, ‑бурыцца; зак.
1. Разваліцца, разламацца, рухнуць. — За вайну шахты ўсе разбурыліся, ладзіць іх трэба. Галавач. // перан. Парушыцца, распасціся. У хаце Раманюка разбурылася мая сям’я. Савіцкі. — Прыміце з гэтага масіву толькі два гэтыя будынкі — і ўвесь ансамбль разбурыцца. «ЛіМ».
2. перан. Не ажыццявіцца, не спраўдзіцца. Перад Алесем стаяла дзяўчына. І адразу ўсе ягоныя ўяўленні разбурыліся. Тонкая і гнуткая ў таліі, шырокая ў клубах, высокая ў невялікіх грудзях. Караткевіч.
разбуры́ць, ‑буру, ‑бурыш, ‑бурыць; зак., што.
1. Разбіць, паламаць, разваліць, ператварыць у руіны. [Максім:] — Учора ўвечары перабраўся ў хату, а сёння разбурыў зямлянку... Шамякін. Цяпер жа Грысева хатка выглядае зусім адзінокай, бо вёску Паддубаўку немцы спалілі, пасеку разбурылі, а калгасныя агароды запуставалі. Кулакоўскі. // перан. Давесці да поўнага развалу. Разбурыць гаспадарку. // перан. Парушыць, прымусіць распасціся. Разбурыць сям’ю.
2. перан. Загубіць, знішчыць, расстроіць. Усе мыслі аўтара накіраваны былі на адно і білі ў адну цэль: разбурыць веру ў цара. Колас. Вайна бязлітасна разбурыла светлыя мары. Данілевіч. Створаны ўяўленнем вобраз, тым больш любага чалавека, не так лёгка разбурыць. Скрыган.
разбурэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разбураць — разбурыць, дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. разбурацца — разбурыцца.
2. Вынік гэтага дзеяння, пашкоджанне, прычыненае гэтым дзеяннем. [Мікалай:] — Цяпер вось амаль усю зіму жыў у [Маскве], але разбурэнняў ніякіх не бачыў. Усё на сваім месцы. Шамякін.
разбуха́нне, ‑я, н.
Працэс паводле знач. дзеясл. разбухаць — разбухнуць.
разбу́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Зрабіць вялікім па аб’ёму, памеру. — Хочаш мець нешта накшталт рабочага кабінета, — усміхнуўся Арцём Паўлавіч. — Я табе ў сваім з прыемнасцю куток аддаў бы, гэта мой папярэднік разбухаў такі вялікі. Шахавец.
разбуха́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да разбухнуць.
разбу́хлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які павялічыўся ў аб’ёме, набраўшыся вільгаці; разбраклы. Адной ноччу, па-веснавому цёмнай, бяззорнай, мы пакінулі акопы і пайшлі на захад па лясных разбухлых дарогах. Хомчанка. // Які наліўся сокам; набухлы. Разбухлыя бутоны.
2. перан. Непамерна павялічаны; раздуты. Разбухлыя штаты.
разбу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. разбух, ‑ла; зак.
1. Павялічыцца ў аб’ёме, набраўшыся вільгаці. Гарох разбух у вадзе. □ Зямля набрыняла вадой, разбухла, як перастаялае цеста. Асіпенка. // Напіцца сокам, пажыўнымі рэчывамі; набухнуць. Пупышкі разбухлі. // Расцягнуцца, расшырыцца. Кішэні фрыцавай вопраткі разбухлі. Кавалёў.
2. перан. Разм. Непамерна павялічыцца, разрасціся. Кніга разбухла за кошт цытат.
разбушава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; зак.
1. Пачаць моцна бушаваць; стаць бурным (пра стыхійныя з’явы). Пажар разбушаваўся. □ Уначы навальніца разбушавалася зноў. Карпаў. [Акіян] на другі дзень нашага плавання разбушаваўся і злосна са стогнам кідаў на цеплаход свае магутныя хвалі. Філімонаў.
2. перан. Разм. Пачаць буяніць, раз’ятрыцца. [Комлік] чакаў, што Кашын разбушуецца, учыніць скандал, але той толькі спахмурнеў на міг і падаўся ў кухню рыхтаваць закуску. Карпаў.
разбуя́ніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; зак.
Разм. Пачаць моцна буяніць.